Беларускія памежнікі ласкава запрасілі ўкраінскіх калег на беларускі боршч. З’едлівы тролінг паміж пагранічнікамі краін працягваецца ВІДЭА

Беларускія памежнікі запісалі для ўкраінскіх калегаў аўдыязапрашэнне на боршч. Відэа апублікаваў «Белсат».

31.05.2023 / 12:19

На запісе ласкавы жаночы голас на фоне цымбалаў распавядае па-ўкраінску, што боршч — «унікальная страва ўсходнеславянскай кухні», а ў еўрапейскіх кухнях «нічога падобнага няма і блізка».

У звароце гаворыцца, што паміж беларускім і ўкраінскім баршчом ёсць невялікія адрозненні — ва ўкраінскі прынята дадаваць больш фасолі, а ў беларускі — бульбы.

«Калі вам больш не будзе з чаго гатаваць ваш боршч — пераходзьце на наш бок. Пакаштуйце наш, беларускі боршч! Не пашкадуеце!» — сканчвае сваю прамову голас.

Украінскія і беларускія памежнікі рэгулярна абменьваюцца паведамленнямі адзін аднаму. На 9 Мая ўкраінскія пагранічнікі павіншавалі беларускіх з Днём Перамогі.

Nashaniva.com