На допытах у КДБ «за данаты» цяпер патрабуюць здаваць яшчэ і знаёмых, якія выходзілі на пратэсты

У краіне працягваюць здарацца выпадкі, калі тых, хто данаціў на дапамогу пацярпелым ад гвалту сілавікоў у 2020-м, выклікаюць у КДБ, дапытваюць і абкладаюць штрафамі. Але цяпер КДБ пайшло далей і патрабуе ад людзей здаваць знаёмых, якія выходзілі на пратэсты. 

30.05.2023 / 10:04

У першую чаргу гаворка ідзе пра тых, хто данаціў у 2020-2021 у фонд «Байсол». Беларускія спецслужбы праз запыты ў банкі ідэнтыфікавалі кола асобаў, з чыіх рахункаў у гэты час плацяжы хадзілі праз Facebook, праз які ішла асноўная маса данатаў. 

Гэтых людзей, пераважна з заможных колаў айцішнікаў і бізнэс-менеджараў, вылікаюць на допыты ў КДБ, дзе прымушаюць паказаць гісторыю плацяжоў у фэйсбуку. 

Калі ёсць данаты на палітычныя кампаніі — з чалавека пад пагрозай крымінальнага пераследу патрабуюць выплаціць дзесяцікратную суму на карысць рэжыму. Як расказвалі раней, гэта не менш за 500 даляраў, а ў выпадку з айцішнікамі — не менш за тысячу. 

Калі чалавек валодае бізнэсам або з'яўляецца топ-менеджарам, але ахвяраваў праз фэйсбук адносна невялікую суму, то ў КДБ могуць прызначыць адвольны памер «адкупных». 

«Далі столькі, каб адчулі», — сказаў «Нашай Ніве» менеджар адной з мінскіх кампаній. 

У той жа час даходзяць сведчанні, што на такіх допытах аператыўнікі КДБ настойліва просяць ці безапеляцыйна патрабуюць (у залежнасці ад сітуацыі) ад чалавека насупраць «здаць» кагосьці са сваіх знаёмых. 

«У мяне дапытвалі, хто з маіх знаёмых выходзіў на пратэсты. Маўляў, калі не скажу, будуць наступствы. Я назваў людзей, якія выехалі з Беларусі праз пераслед. Адпаведна, органам і так вядома пра іх удзел, а вяртацца яны не збіраюцца», — сказаў нам адзін з суразмоўцаў. 

Гісторыю пацвердзіў і іншы чалавек, які адносна нядаўна быў на адпаведным допыце. 

«Я «не змог» успомніць сваіх знаёмых. Сказаў, што толькі сам быў такі дурань, а цяпер шкадую», — сказаў ён. 

Чытайце таксама:

Стала вядома, як КДБ вылічвае тых, хто данаціў у «Байсол» 

Крыніцы: Янчэўскі прыдумаў, каб праграмістаў за данаты 2020-га не садзілі, але здзіралі кампенсацыю ў дзесяціразовым памеры

Nashaniva.com