Віцебскаму арт-менеджару Уладзіміру Булаўскаму прызначылі два гады калоніі

Яго абвінавацілі паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

26.05.2023 / 11:42

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 26 мая вынеслі прысуд палітзняволенаму арт-менеджэру і музыку Уладзіміру Булаўскаму — два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Справу разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка, піша «Вясна».

За кратамі Уладзіміра ўтрымліваюць пяць месяцаў.

Паводле заканадаўства, завесці крымінальную справу супраць чалавека па арт. 342-2 КК могуць, калі яго двойчы за год асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП «несанкцыянаванае пікетаванне». У 2022 годзе Уладзіміра судзілі па адміністрацыйных справах некалькі разоў: у лютым і ў ліпені. Чарговае затрыманне адбылося ў снежні за фота ў сацсетках, якое палічылі незаконным пікетаваннем. 

З 2020-га года сілавікі затрымлівалі Уладзіміра як мінімум пяць разоў.

Таксама Булаўскі, паводле следства, з 5 верасня 2014 года па 22 сакавіка 2021 года ў сацсетках змяшчаў выявы нацыянальнай сімволікі. 

На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове. 

Палітвязню блакуюць ліставанне і ён амаль не атрымлівае вестачкі з волі.

Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Ігаравіч Булаўскі

Чытайце таксама:

Прысуд гомельскаму журналісту-фрылансеру Яўгену Меркісу абвесцяць 30 мая

У Полацку затрымалі ўніяцкага святара і 77-гадовую жанчыну

73-гадовую кандыдатку тэхнічных навук арыштавалі на 10 сутак

Nashaniva.com