Высокі амерыканскі генерал патлумачыў, чаму Захад марудзіў з рашэннем аб F-16 для Украіны

Старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі заявіў, што знішчальнікі F-16 пакуль не былі б дастаткова дзейснымі для забеспячэння абароны паветранай прасторы, паколькі ў Расіі захоўваецца значная перавага ў авіяцыі.

25.05.2023 / 21:07

Знішчальнік F-16. Фота: Wikimedia Commons

Пра гэта Мілі заявіў па выніках пасяджэння кантактнай групы па пытаннях Украіны ў чацвер, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Па словах топ-генерала ЗША, адным з ключавых пытанняў у перадачы Украіне F-16 з'яўляецца забеспячэнне кантролю за паветранай прасторай.

«Самы хуткі і танны спосаб абараніць паветраную прастору —рабіць гэта з зямлі і прадастаўляць эфектыўныя наземныя сістэмы СПА. Гэта найбольш эфектыўны шлях перашкодзіць расейцам атрымаць перавагу ў паветры, і менавіта гэта мы рабілі», — сказаў ён.

«Што тычыцца F-16: сам самалёт каштуе мільярд даляраў, яго ўтрыманне — яшчэ мільярд даляраў. Гэта значыць адзін самалёт каштуе два мільярды даляраў. У расейцаў — тысячы самалётаў-знішчальнікаў чацвёртага і пятага пакаленняў. Таму, каб супрацьстаяць ім у паветры, трэба істотная колькасць знішчальнікаў чацвёртага і пятага пакаленняў», — дадаў Мілі.

Ён, аднак, адзначыў, што ў будучыні F-16 будуць гуляць ролю ў складзе Ваенна-паветраных сіл Украіны, але на тое, каб пабудаваць паветраныя сілы неабходнага аб'ёму і магутнасці, сыдзе значная колькасць часу.

Раней кіраўнік Пентагона Лойд Осцін выказаў надзею на тое, што навучанне ўкраінскіх лётчыкаў пілатаванню знішчальнікамі F-16 пачнецца ў бліжэйшыя тыдні. Украінскія пілоты будуць праходзіць навучанне на знішчальніках F-16 на вайсковых базах у Еўропе, заяўляў Пентагон.

Nashaniva.com