Грузінская авіякампанія хоча запусціць транзітныя рэйсы для расіян у Еўропу

Georgian Airways запусціць для расіян транзітныя рэйсы праз Тбілісі ў Еўропу, распавёў RTVI заснавальнік авіякампаніі Тамаз Гаяшвілі. У планах пяць еўрапейскіх гарадоў: Мілан, Парыж, Вена, Ларнака, Салонікі.

25.05.2023 / 15:09

Фота: Shakh Aivazov / AP

«Пачнём з 15 чэрвеня. Паглядзім, як пойдзе гэтая справа. Але думаем, што будзе дастатковы попыт на гэтых маршрутах. Праз Тбілісі будзе зручней і хутчэй, чым на іншых кірунках», — сказаў Тамаз Гаяшвілі.

Заснавальнік авіякампаніі дадаў, што, па прагнозах Georgian Airways, пасажырскі паток паміж Расіяй і Грузіяй паступова адновіцца.

«Натуральна, будзем захоўваць паветраныя зносіны з Расіяй. Нічога з гэтым не будзе. Урад Грузіі вельмі цёпла гэтае рашэнне сустрэў. Дай бог, каб яны ніколі больш не перарываліся», — дадаў ён.

Забарона на палёты расійскіх авіякампаній у Грузію дзейнічала з 2019 года. Яе знялі 15 мая 2023 года. У той жа дзень у Расіі адмянілі візавы рэжым для грамадзян Грузіі.

Гэтыя падзеі выклікалі пратэсты апазіцыі ў Тбілісі, а прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі абвясціла байкот Georgian Airways праз аднаўленне палётаў у Маскву.

Гаяшвілі пацвердзіў RTVI, што авіякампанія са свайго боку адмаўляецца абслугоўваць Зурабішвілі. «Больш не будзе з намі лётаць. Кампанія прыняла такое рашэнне, так і будзе далей», — сказаў ён.

Заснавальнік Georgian Airways прызнаў, што попыт пакуль расце не вельмі. «Думаю, будзе патрэбны час, рэклама, каб людзі ведалі, што такое існуе, і тады, я думаю, што пойдуць пасажыры», — растлумачыў Гаіяшвілі. Ён дадаў, што паток будзе паступова нарастаць, таму што «цяпер разумеюць, што аднавіліся прамыя рэйсы, і ўсе паволі пераходзяць на прамыя рэйсы».

Чытайце таксама:

Грузінскі авіяперавозчык абвясціў прэзідэнта Грузіі персонай нон грата

Nashaniva.com