Алейнік абмеркаваў з Ёзічам Будслаўскі фэст

22 мая ў Міністэрстве замежных спраў адбылася сустрэча апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам.

25.05.2023 / 13:50

Антэ Ёзіч і Сяргей Алейнік. Фота: МЗС Беларусі

Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Асобная ўвага ўдзелена тэматыцы міжканфесійнага дыялогу, паведамляе catholic.by.

Адбыўся абмен думкамі адносна сітуацыі ў рэгіёне. Адзначаецца, што ў размове было пацверджана імкненне да працягу актыўнага супрацоўніцтва ў розных сферах і адкрытага ўзаемапаважлівага дыялога па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Нунцый Ёзіч паінфармаваў Catholic.by, што падчас сустрэчы з міністрам Алейнікам, у прыватнасці, былі абмеркаваны сёлетнія ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, на якія прыбудзе спецыяльны пасланнік Папы Францішка арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроцці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.

З праграмай Будслаўскага фэста можна азнаёміцца тут.

Nashaniva.com