«Нават ядзерная зброя адна на дваіх». Такаеў лічыць праблемай Саюзную дзяржаву ў складзе ЕАЭС

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў назваў праблемаю ступень інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй і астатнімі краінамі ЕАЭС. На ​​сённяшнім Еўразійскім эканамічным форуме ён адзначыў, што гэта пытанне трэба абмяркоўваць.

24.05.2023 / 18:47

На словах пра агульную ядзерную зброю Лукашэнка і Пуцін паціснулі рукі

«Яшчэ адзін момант, так бы мовіць, канцэптуальнай рэальнасці, ці спецыфіка, якую нам трэба ўлічваць. Гэта наяўнасць у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Саюзнай дзяржавы ў асобе Беларусі і Расіі. 

Канцэптуальная ідэалагічная аснова гэтага саюза — дастаткова сур'ёзная. Гэта ўзаемнае прызнанне гістарычнай супольнасці беларускага і рускага народаў, прызнанне культурнай, моўнай, рэлігійнай ідэнтычнасці, гэта значыць прызнанне наяўнасці аднаго народа. Адзін народ — адна дзяржава. 

У нас ёсць у Еўразійскім эканамічным саюзе Саюзная дзяржава. Гэта значыць, у сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен, як хочаце. Стварэнне дзяржавы па формуле дзве краіны — адна дзяржава, з адзінай палітычнай, юрыдычнай, ваеннай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам. Ну, я прашу прабачэння, і нават ядзерная зброя адна на дваіх зараз», — сказаў ён.

На гэтых словах Пуцін і Лукашэнка эмацыйна паціснулі адзін аднаму рукі.

Такаеў лічыць такую ступень інтэграцыі ў ЕАЭС праблемай.

«Ёсць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўленай Казахстанам, Кыргызстанам, Арменіяй. І з гэтай рэальнасцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах? Гэта пытанне канцэптуальнае. Нам трэба, я думаю, у тым ліку і на гэтым эканамічным форуме абмеркаваць дадзеную праблему», — дадаў Токаеў.

Пра тое, што Расія па просьбе Лукашэнкі размесціць у Беларусі ядзерную зброю, Пуцін заявіў у сакавіку. На тэрыторыі Беларусі яе пакуль няма. 

Nashaniva.com