«Вы не так зразумелі». Лукашэнка запатрабаваў адпраўляць у «прэзідэнцкую клініку» людзей з чаргі на МРТ — журналісты паспрабавалі туды запісацца

Учора на нарадзе па пытаннях аховы здароўя Аляксандр Лукашэнка абурыўся чэргамі на КТ і МРТ і запатрабаваў накіроўваць усіх, хто мае патрэбу, у «прэзідэнцкую клініку», то-бок у Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр для чыноўнікаў. Журналісты «Зеркала» патэлефанавалі ў клініку, каб даведацца, як запісацца на МРТ тым, хто вельмі доўга чакае. Аказалася, усё не так проста. 

24.05.2023 / 16:04

— Падкажыце, калі ласка, учора Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што людзям з рэгіёнаў можна будзе запісвацца на МРТ у Мінск у Рэспубліканскі медцэнтр. Я сама з невялікага горада, і ў мяне запіс толькі на люты. А тут, выходзіць, можна будзе хутчэй у вас зрабіць. Скажыце, а што для гэтага патрэбна? — спытала карэспандэнтка, якая патэлефанавала як звычайная грамадзянка. 

Ёй у кол-цэнты адказалі, што калі ёсць пісьмовая рэкамендацыя або накіраванне, то калі ласка, але па запісе і за грошы. 

— Проста ў выступе гаворка ішла пра бясплатнае абследаванне, — заўважыла карэспандэнтка.

— Бясплатна абслугоўваецца толькі прымацаванае насельніцтва, — адказалі ёй.

— А гэта, атрымліваецца, мінчане?

— Не, у цэнтры абслугоўваюцца дзяржслужачыя па пасадах, што яны займаюць. Толькі яны могуць зараз атрымліваць паслугі бясплатна. Усе астатнія могуць атрымліваць паслугі толькі на платнай аснове. Бясплатна вы абслугоўваецеся па месцы жыхарства.

— Гэта значыць, бясплатна па накіраванні нельга будзе? Бо я так зразумела, што Аляксандр Рыгоравіч пра гэта казаў.

Ёй адказалі, што бясплатна толькі па месцы жыхарства — «усё астатняе вы можаце атрымаць толькі на платнай аснове».

На заўвагу, што прэс-служба Лукашэнкі перадавала інфармацыю зусім інакш, карэспандэнтцы адказалі, што яна, мабыць, «не зусім правільна зразумела». 

— Тут, вы ж разумееце, кожны чалавек прымацаваны да пэўнай медыцынскай установы. Вы — па месцы жыхарства, тыя пацыенты, якія абслугоўваюцца тут, у цэнтры, — прымацаваныя па месцы працы, у асноўным гэта дзяржслужачыя. Калі вы не адносіцеся да катэгорыі дзяржслужачых, то вы не можаце атрымаць паслугі ў нашым цэнтры бясплатна. Вы можаце атрымаць іх на платнай аснове.

На нарадзе 23 мая Аляксандр Лукашэнка ўчыніў дэманстратыўны разнос чыноўнікам і працаўнікам аховы здароўя. І паставіў дэдлайн: выправіць усе недахопы за паўгода — да 1 студзеня 2024 года.

Чытайце таксама:

Лукашэнка прыгразіў кіраўнікам аблвыканкамаў, што здзярэ з іх скуру. За што?

«Мучыцца вы са мной будзеце доўга». Лукашэнка сказаў, што ў яго быў адэнавірус

Nashaniva.com