У Глыбокім правялі «Зарніцу» сярод дашкольнікаў

У Глыбокім 20 траўня для выхаванцаў старэйшых груп дзіцячага садка №4 зладзілі ваенна-спартыўную гульню «Зарніца». Глыбоцкія дашкаляты здзейснілі марш-кідок праз балота, распальвалі вогнішча і спявалі ваенныя песні, піша «Віцебская вясна».

22.05.2023 / 20:00

Гульня прайшла пад наглядам вайсковага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргея Краснадубскага і метадыста навучальна-метадычнага кабінета Глыбоцкага раёна Алены Цяліцы.

Як піша сайт мясцовай раёнкі, мерапрыемства адбылося ў рамках раённага фестывалю педагагічных ідэй «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту».

Падчас гэтай гульні маленькіх дзяцей вучылі аказваць першую дапамогу пацярпелым, ставіць палатку, распальваць вогнішча, арыентавацца па карце на мясцовасці. Яны нават здзяйснялі марш-кідок праз «балота», кідалі ў цэль мяшэчкі з пяском, спявалі ваенныя песні, а напрыканцы іх кармілі пярловай кашай, зваранай у «ваенна-палявых» умовах.

Паводле загадчыцы дзіцячага садка Аксаны Гольдэрбайн, такім чынам праз гульню яны імкнуліся фармаваць у дашкольнікаў уяўленне аб арміі, аб цяжкай, але ганаровай службе па абароне краіны, спакоі і бяспецы яе жыхароў, прывіваць любоў да малой радзімы, выхоўваць пачуццё патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.

Чытайце таксама: 

«А я лічу, не рана». Качанава выказалася за патрыятычнае выхаванне дзяцей з 3-4 гадоў

Публікацыя відэа са сцэнай збівання салігорскага сямікласніка выклікала рэзананс і прыцягнула ўвагу да праблемы

Качанава прапанавала арганізоўваць прытулкі для дзяцей пры манастырах

Nashaniva.com