На «ліквідаванага» выдаўца Змітра Коласа павесілі судовыя выдаткі за працэс, ініцыяваны Мінінфармам

Незалежнага выдаўца Змітра Коласа абавязалі пакрыць выдаткі, якія нібыта панесла Міністэрства інфармацыі падчас працэдуры ліквідацыі прыватнага бізнэсу Коласа, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

16.05.2023 / 17:22

Непрыемным сюрпрызам для выдаўца аказалася патрабаванне Эканамічнага суда Мінска адносна кампенсацыі выдаткаў, якія панесла… Міністэрства інфармацыі.

Як прагучала ў судзе, судовыя выдаткі ведамства па ліквідацыі апанента-прыватніка склалі 790 рублёў.

На фоне таго, што ў выдаўца засталіся фінансавыя абавязкі за ўзятыя ў працу замовы, а таксама неакрэсленасць з рэалізацыяй ужо надрукаваных накладаў, цяперашняе яго становішча блізкае да банкруцтва. Таму Зміцер Колас вымушаны звярнуцца па дапамогу, каб прынамсі закрыць пытанні з кнігамі, падпісанымі да друку.

Як стала вядома БАЖ, Колас абскарджваць рашэнне суда не будзе. Па-першае, з прычыны «абсалютнай прадказальнасці» выніку апеляцыі, а па-другое — праз непад’ёмныя матэрыяльныя выдаткі.

Выдавецтва Змітра Коласа ў судовым парадку закрылі 10 мая. Такім чынам, пасля амаль 35 гадоў у выдавецкай сферы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць.

Перад гэтым выдавец адбыў 10 сутак арышту ў следчай турме КДБ, так званай «амерыканцы». Патрапіў ён туды па сутнасці выпадкова, дзеля таго, што ягоны супрацоўнік, друкар Алег Сычоў, быў арыштаваны па справе дыверсіі супраць расійскага самалёта ў Мачулішчах.

Чытайце таксама:

Каго менавіта затрымалі ў вёсцы Чарцяж? Гэта сямейная пара, у іх двое дзяцей

Мінула 4 дні, як КДБ забраў выдаўца Змітра Коласа. Звязана са справай пра Мачулішчы?

Выдавецтва «Зміцер Колас» часова прыпыняе сваю дзейнасць. Ёсць звесткі, што Зміцер Колас — у КДБ

Nashaniva.com