Пяскова спыталі пра нездароўе Лукашэнкі. Вось што ён адказаў

Прэс-сакратару Крамля Дзмітрыю Пяскову задалі пытанне аб стане здароўя Аляксандра Лукашэнкі, які не паказваецца на публіцы ўжо шосты дзень — ад 9 мая. 

15.05.2023 / 12:56

Лукашэнка на парадзе ў Маскве, 9 мая. Фота: АР

Пяскоў адказаў, што «ніякіх афіцыйных звестак з Менска не было, а арыентавацца трэба на іх».

Пра стан здароўя Лукашэнкі яго прэс-служба не гаворыць ні слова. 

З’яўленні Аляксандра Лукашэнкі на публіцы ад пачатку мая былі рэдкімі, а на парадзе ў Маскве 9 мая ён не змог прайсці з іншымі кіраўнікамі дзяржаў некалькі соцень метраў ад трыбуны да Аляксандраўскага саду, яго везлі асобна электрамабілем.

Пасля гэтага ўвечары ён першы раз за час свайго кіравання не змог прачытаць прамову на ўскладанні кветак на плошчы Перамогі, за яго гэта зрабіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

А ўчора не з’явіўся на ўрачыстасцях Дня сцяга, герба і гімна. Зварот Аляксандра Лукашэнкі «з нагоды святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь» зачытаў Раман Галоўчанка.

Першы намеснік кіраўніка Камітэта расійскай Дзярждумы па справах СНД Канстанцін Затулін сказаў, што ў Лукашэнкі нічога такога звышнатуральнага няма, гэта не кавід. Проста чалавек захварэў».

Кіраўнік НАУ і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заявіў, што, па звестках Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, у Лукашэнкі можа быць інфекцыйна-алергічны міякардыт. Інфекцыйна-алергічны міякардыт — гэта запаленне сардэчнай мышцы, якое выклікаецца рознымі інфекцыямі (напрыклад, грыпам).

Nashaniva.com