У крамах мерчу Лукашэнкі прадаюць падушкі з яго словамі «Са мною трэба спаць»

Сярод лукашэнкаўскага мерчу прадаюць падушку з яго словамі, якія прагучалі ў адказ на пытанне незалежнай журналісткі пра лёс палітвязняў, піша «Радыё Свабода».

14.05.2023 / 17:21

Падушка з цытатай Лукашэнкі. Фота: СБ

Гаворка пра падушку з цытатай «Каб зразумець, як я сплю — са мною трэба спаць».

Гэтыя словы паходзяць з адказу Лукашэнкі журналістцы газеты «Народная Воля». Пасля выбараў у 2010 годзе і масавых рэпрэсій журналістка спытала Лукашэнку на прэс-канфэрэнцыі, ці будзе ён спакайней спаць, калі адпусціць на волю сваіх апанентаў Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча. Лукашэнка адказаў:

«Каб зразумець, як я сплю, са мной трэба спаць… Я не прапаную вам гэтага…»

У адказ на гэта журналістка сказала: «Дзякуй, я адмоўлюся».

Як паведамлялася раней, майкі і світшоты для крамы «Пула Первого» шыюць у Жодзіне. Продажам займаецца дзяржаўная кампанія, якая ўваходзіць у канцэрн «Беллегпрам».

Nashaniva.com