Стала вядома дата суда над Эдуардам Бабарыкам

Суд над сынам Віктара Бабарыкі пачнецца 22 мая. За кратамі ён знаходзіцца амаль тры гады, з 18 чэрвеня 2020 года.

10.05.2023 / 15:26

Крымінальную справу будзе разглядаць Мінскі абласны суд у выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні суда Мінскага раёна, паведамляе БелТА.

Эдуарда Бабарыку будуць судзіць за ўхіленне ад выплаты падаткаў, легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дапамогу ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варажнечы.

Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, за два месяца да выбараў і паслявыбарчых пратэстаў. Ягонага бацьку асудзілі ў 2021 годзе на 14 гадоў калоніі. 

Знаходзячыся ў Наваполацкай калоніі, Віктар Бабарыка нядаўна трапіў у бальніцу. Больш інфармацыі ад яго не было.

Nashaniva.com