Тры Пулітцэраўскія прэміі-2023 прысуджаныя за асвятленне вайны. Яны дасталіся AP і New York Times

Журы Пулітцэраўскіх прэмій абвясціла пераможцаў гэтага года, і ў трох прэстыжных катэгорыях прэміі дасталіся амерыканскім журналістам, якія асвятлялі (і працягваюць асвятляць) вайну ва Украіне, піша Бі-бі-сі.

08.05.2023 / 23:38

Мар’яна Вышагірская каля разбомбленай радзільні ў Марыупалі. Фота: Мсціслаў Чарноў, AP Photo

У намінацыі «Служэнне грамадству» прэмія дасталася агенцтву Associated Press за працу Мсціслава Чарнова, Яўгена Малалеткі, Васілісы Сцепаненка і Лоры Хінант «за адважныя рэпартажы з абложанага горада Марыупаля, якія засведчылі вынішчэнне грамадзянскага насельніцтва ў ходзе расійскага ўварвання», сказана ў паведамленні журы.

У намінацыі «Міжнародная журналістыка» журы прысудзіла прэмію супрацоўнікам New York Times (нікога з іх пайменна вылучаць не сталі) — «за ўпартае асвятленне расійскага ўварвання ва Украіну, у тым ліку за васьмімесячнае расследаванне смерцяў украінцаў у горадзе Буча і расійскага падраздзялення, адказнага за забойствы».

Associated Press таксама дасталася прэмія ў катэгорыі «Фота да тэрміновых навін» — «за ўнікальныя і тэрміновыя выявы першых тыдняў уварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку спусташэння Марыупаля пасля сыходу адтуль іншых навінавых арганізацый, ахвяр прыцэльных удараў па грамадзянскай інфраструктуры і стойкасці ўкраінцаў, якія змаглі ўцячы».

Пулітцэраўская прэмія прысуджаецца толькі за публікацыі ў ЗША. Associated Press і New York Times, як вядучыя СМІ, практычна кожны год атрымліваюць гэтую прэмію.

Чытайце таксама:

У Беларусі адкрылі палац Булгакаў пасля рэстаўрацыі, якая доўжылася 14 гадоў

Галендры: народ Беларусі, ад якога засталіся толькі кветкі і камяні

Nashaniva.com