Пандэмія скончылася, але наступствы засталіся. Што COVID-19 прынёс Беларусі?

Днямі Сусветная арганізацыя аховы здароўя адмяніла статус пандэміі каранавіруса. Згадваем, як кавід адбіўся на Беларусі. Гэта пандэмія паказала, як улады ставяцца да людзей і выкарыстоўваюць сітуацыю з вірусам у сваіх інтарэсах.

10.05.2023 / 09:35

«Глупства абсалютнае і несусветнае»

Згодна з афіцыйнымі данымі, першы выпадак захворвання на каранавірус у Беларусі быў зафіксаваны 27 лютага 2020 года. Гэта быў студэнт з Ірана, які 22 лютага прыляцеў у Мінск. Ужо на наступны дзень, пасля абвяшчэння пра першы выпадак захворвання на COVID-19, беларусы раскупілі ўсе медыцынскія маскі.

У сярэдзіне сакавіка ўсе суседнія краіны, у тым ліку Расія закрылі свае межы на ўезд. Праехаць без каранціну з таго часу маглі толькі кіроўцы, якія ажыцяўляюць міжнародныя перавозкі. Лукашэнка тады раскрытыкаваў такое рашэнне, назваўшы яго «глупствам абсалютным і несусветным».

«Чаго ты ходзіш па гэтых вуліцах?»

Першай афіцыйнай ахвярай новага віруса стаў заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч. Акцёр сканчаўся 30 сакавіка 2020 года. Рэакцыя Лукашэнкі на смерць акцёра выклікала абурэнне ў грамадства. «Спачуванні» ад Лукашэнкі гучалі так:

«Ну вось мы падазраем, што ў Віцебску гэты акцёр памёр, і ў яго таксама быў, да таго, што дыягнаставана пнеўманія, яшчэ і гэты вірус. Ну яму заўтра 80 гадоў будзе, чаго ты ходзіш па гэтых вуліцах, а тым больш працуеш», — адрэагаваў на смерць 75-гадовага акцёра Лукашэнка. 

Агульнарэспубліканскі масачны рэжым у Беларусі ўвялі толькі з 9 кастрычніка 2021 года. Але Лукашэнка, які раней неаднаразова называў маскі і рэспіратары «наморднікамі», раскрытыкаваў рашэнне Міністэрства аховы здароў, назваўшы яго «ціскам на людзей», таму ўжо 22 лістапада абавязковы масачны рэжым быў скасаваны.

Гэта ўсё «пісхоз»

Падобныя выказванні ў бок віруса Лукашэнка агучваў рэгулярна. Ён не саромеўся выказвацца наконт лішняй вагі памерлых ад віруса і раздаваў нягеглыя парады, як змагацца з вірусам з якіх смяяліся далёка за межамі Беларусі. У прыватнасці ён раіў лячыць яго гарэлкай і яздой на трактары. Называў сітуацыю «псіхозам».

Улады ад самага пачатку намагаліся прыменшыць маштабы трагедыі, рабілі выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Афіцыйная статыстыка падвяргалася крытыцы не толькі ўнутры краіны. Улады відавочна прыніжалі колькасць лятальных выпадкаў ад COVID-19. Пазней, каб прыхаваць сапраўдныя лічбы смяротнасці, Белстат вырашыў не публікаваць гэтыя даныя. Апошні раз інфармацыя аб сітуацыі з каранавірусам абнаўлялася 1 ліпеня мінулага года. Згодна з ёй, кавідам у Беларусі за той перыяд перахварэлі 994 037 чалавек. Памерлі — 7118.

Ацаніць колькасць ахвяр ад кавіду можна па паказчыку залішняй смяротнасці. Ён паказвае, наколькі фактычная смяротнасць перавысіла чаканую і ўлічвае розныя ўскосныя фактары. 

Паводле даследавання медычнага навуковага часопіса The Lancet, у Беларусі залішняя смяротнасць, звязаная з COVID-19, перавысіла 85 600 чалавек. Гэта лічбы за два гады — у перыяд з 1 студзеня 2020-га па 31 снежня 2021-га.

Натуральна, што ў Беларусі ніякіх істотных абмежаванняў не ўводзілася. Усур'ёз улады ставіліся да пандэміі толькі тады, калі ім гэты было выгадна.

Напрыклад, з-за эпідэміялагічнай сітуацыі маглі адмяняцца нязручныя для ўлады масавыя мерапрыемствы ці абмяжоўвалася колькасць назіральнікаў на выбарчых участках. 

Таксама з 7 кастрычніка 2020 года пачалі абмяжоўваць магчымасць даваць перадачы затрыманым.

Некалькі месяцаў іх прымалі толькі раз на тыдзень. З надыходам 2021 года сітуацыя пагоршылася. Прыём перадач цалкам прыпынілі, перадаваць можно было толькі лекі і толькі адзін раз на тыдзень. Афіцыйна, такія захады былі прыняты «у мэтах забеспячэння бяспекі і змяншэння рызык, звязаных з распаўсюджваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь COVID-19».

На Акрэсціна ніякіх санітарна-эпідэміялагічных мер не прытрымліваліся. Людзей наўмысна трымалі ў перапаўненых камерах, з-за чаго многія перахварэлі на каранавірус падчас зняволення. Адна з мінчанак, Алена Амеліна, памерла ад кавіду неўзабаве пасля вызвалення.

Вакцынацыя

З вакцын у нашай краіне на выбар прапаноўваліся толькі расійскай або кітайскай вытворчасці. Гэта стварала дадатковыя нязручнасці для тых, хто меў патрэбу выязджаць у Еўропу і некаторыя іншыя краіны, бо большасць краін Еўропы не прызнавалі гэтыя вакцыны, таму многія выбіраліся ў суседнія краіны ЕС або Украіну, каб зрабіць там прышчэпку і атрымаць «кавідны пашпарт», з якім можна было падарожнічаць больш вольна. З часам у Беларусі з'явіліся нават адмысловыя прышчэпачныя туры.

Таксама ў Беларусі амаль увесь гэты час працавалі над стварэннем уласнай вакцыны. Міністр аховы здароўя Піневіч казаў, што шырокае прымяненне айчыннай вакцыны ад COVID-19 будзе пачата ў 2024 годзе.

Закрылі межы

Нягледзячы на тое, што ў сакавіку Лукашэнка крытыкаваў краіны, якія ўводзілі строгія каранцінныя абмежаванні і закрывалі межы, урад вырашыў абмежаваць выезд з Беларусі з 21 снежня 2020 года. У падобным рашэнні многія бачылі выключна палітычны падтэкст. Тым больш, што абмежаванне тычылася толькі наземных памежных пунктаў, вылецець з Беларусі на самалёце па-ранейшаму заставалася дазволена без якіх-небудзь умоў з беларускага боку. Абмежаванні на выезд дзейнічалі да 3 красавіка 2022 года. 

Міністр Піневіч 11 студзеня заявіў, што пандэмія каранавіруса ў Беларусі падышла да канца. Кіраўнік СААЗ абвясціў аб заканчэнні пандэміі COVID-19 у свеце 5 мая 2023 года.

Наступствы, якія не адлюстроўвае статыстыка

Каранавірус, а калі быць дакладней, менавіта рэакцыя на пандэмію з боку ўладаў прывяла і да змен у грамадстве.

Людзі навучыліся гуртавацца і вырашаць праблемы без удзелу дзяржавы. Народ дамапамагаў медыкам, збіраў грошы на сродкі для абароны і вырабляў іх сам. Кавярні забяспечвалі бальніцы бясплатнымі абедамі. Кампанія ByCovid19 сабрала больш за 300 тысяч даляраў на барацьбу з пандэміяй.

Пазней хваля салідарнасці і ўзаемнай дапамогі распаўсюдзілася і на дапамогу пацярпелым ад рэжыму.

Часта аналітыкі і простыя беларусы менавіта пачатак пандэміі і рэакцыю на яе з боку Лукашэнкі называюць першым штуршком, дзякуючы якому сталі магчымыя падзеі 2020 года.

Чытайце таксама: 

Пандэмія скончылася, але «кавідны» збор на мяжы застаецца. Вось колькі дзяржава зарабляе на ім кожны месяц

Nashaniva.com