Прадстаўніца Кабінета Вольга Гарбунова пра смерць палітвязня: Колькі яшчэ трэба ахвяр, каб вы насыціліся ўладай?

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова, якая займаецца пытаннямі палітвязняў, выказалася аб смерці палітзняволенага з інваліднасцю Мікалая Клімовіча і забароне на прыём медыкаментаў для вязняў у СІЗА.

07.05.2023 / 18:46

Фота: Офіс Ціханоўскай

«Сёння стала вядома аб смерці палітвязня Мікалая Клімовіча ў віцебскай калоніі №3. Яго асудзілі на год пазбаўлення волі за карыкатуру на чалавека, які захапіў уладу ў Беларусі. Мікалая пазбавілі волі нягледзячы на тое, што ў яго інваліднасць 2 групы па сэрцы. Яму быў 61 год. Нашыя спачуванні родным і блізкім Мікалая.

Рэжым выкрадае і забівае людзей. Плюе на нацыянальнае і міжнароднае заканадаўства. Абмяжоўвае доступ да медыцынскай дапамогі, выкарыстоўвае прымусовую працу на шкодных вытворчасцях, не забяспечвае нармальным харчаваннем, практыкуе катаванні і гвалт, — каментуе Вольга Гарбунова. —

Учора стала вядома, што ў СІЗА перасталі прымаць медыкаменты (акрамя вітамінаў і імпартнага інсуліну): гэта мэтанакіраваныя катаванні, жаданне прычыніць максімальную шкоду людзям, жыццё і здароўе якіх, з прычыны хранічных захворванняў, залежаць ад прыёму розных лекаў, якіх няма ў аптэчках пенітэнцыярнай сістэмы.

У апошнія месяцы родныя палітвязняў, адвакаты і праваабарончыя арганізацыі паведамлялі аб тым, што вялікая колькасць палітвязняў аказаліся без сувязі са знешнім светам. Гэта форма катавання, пры якой блізкім зняволеных не прадастаўляецца ніякая інфармацыя аб стане здароўя і іншых абставінах, няма доступу адваката, заблакіравана перапіска. Міжнароднае права змяшчае абсалютную забарону на ўтрыманне асоб, пазбаўленых волі, без сувязі са знешнім светам.

Але злачынцам у пагонах ужо даўно не да законаў.

Колькі яшчэ трэба ахвяр, каб вы насыціліся ўладай?

І ўсё ж ведайце, што смерць Мікалая Клімовіча і кожны падобны выпадак — будзе расследаваны, і ўсе, хто мае дачыненне да злачынства, стануць перад судом».

Чытайце таксама:

У калоніі памёр палітвязень — пінскі блогер Мікалай Клімовіч

Палітзняволеную ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык — праваабаронцы

Вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, па новым указанні забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты

Nashaniva.com