Сёння адно з самых важных народных свят

Сёння — адно з самых важных святаў у народзе: Юр’еў дзень, Юр’е (Юр’я) вясновы. Згодна ўяўленням нашых продкаў, Юр’я, апякун урадлівасці, адмыкае зямлю і тым самым абвяшчае пра надыход сапраўднай вясны, нагадвае «Народная Воля».

06.05.2023 / 10:35

Калісьці менавіта 6 мая сяляне ўпершыню пасля зімы ўранні выганялі кароў на выпас, а коней — на начлег. Гэты дзень таксама лічыцца святам пастухоў. А царква ўшаноўвае вялікапакутніка Георгія Перамоганосца — нябеснага апекуна ўсіх воінаў.

У некаторых мясцовасцях Беларусі, у розных яе абласцях, і дагэтуль захаваліся абрады і традыцыі на Юр’я.

Юр’еў дзень — свята пастухоў. Шмат дзе іх і зараз традыцыйна ўшаноўваюць і частуюць у гэты дзень.

Жывёле на Юр’я таксама надаюць шмат увагі. Шмат дзе выганяюць, паклаўшы перад гэтым ля брамкі хлява велікоднае яйка, спецыяльна прыпасенае для гэтых мэтаў. Нашы продкі верылі, што тады іх каровы будуць круглымі і поўнымі. Дзесьці жывёлу злёгку пасцёбваюць асвечанымі вербнымі галінкамі, а тады ўтыркаюць іх у сцены хлява. І гэта была абарона ад злых духаў на цэлы год.

Калі ж людзі хацелі быць цэлы год здаровымі, моцнымі, поўнымі сіл, дык качаліся на Юр’я па ранішняй расе. Лічылася, што і ад сурокаў яна дапамагае. Праўда, сёлета май такі, што можна і захварэць ад такога «абярэгу».

Як апекуну ўрадлівасці 6 мая Юр’ю таксама выносілі на палеткі каравай ды іншыя пачастункі. І не проста ішлі, а з пэўнымі абрадавымі дзеяннямі.

Напрыклад, у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна заходзяць у жыта, каб памераць караваем яго рост. Заходзяць праз своеасаблівую брамку, зробленую з ручніка. Яна сімвалізуе вароты, што адмыкае Юр’я.

А вось у вёсцы Іванава Слабада, што ў Лельчыцкім раёне на Юр’я ўпрыгожваюць ёлку і носяць яе па вёсцы.

Што датычыцца народных прыкметаў, то яны наступныя. «Як на Юр’я раса — хопіць коням аўса», «На Юр’я дождж — скаціне лёгкі год, а на грэчку — недарод», «Калі на Юр’я мароз, дык будуць добрыя проса і авёс», «Як дождж на Юр’я, будзе хлеб і ў дурня»…

Нагадваем, што на годзе святкуецца два Юр’я — будзе яшчэ восеньскі.

Nashaniva.com