Сярод затрыманых падчас аблавы ў Гомелі — вядомы сталічны рэйвер

Яго вінавацяць у ахвяраваннях на «Байсол» і падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы. 

02.05.2023 / 16:48

Фота: 34mag.net, старонкі «Укантакце» затрыманых і тэлеграм-канал ГУБАЗіК

Сёння ГУБАЗіК паказаў шасцярых затрыманых у Гомелі за апошні час. Адным з затрыманых аказаўся 33-гадовы Павел Данкаў — стваральнік рэйв-праекта «МЕЧТА», які выступае пад псеўданімам Morgotika.

Павел Данкаў. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Данкаў скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ, але займаўся арганізацыяй вечарынаў з 2011 года. У лютым 2016-га ён стварыў праект «МЕЧТА», пад дахам якога арганізоўваў рэйв-вечарыны — у Мінску яны часта праходзілі на Кастрычніцкай вуліцы. Апошняя вечарына праекта прайшла паўгода таму ў Гомелі.

Яго вінавацяць у ахвяраваннях на «Байсол» і падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Яшчэ адным затрыманым стаў 24-гадовы гомельскі фатограф Павел Буланаў

Павел Буланаў. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Хлопец рабіў шмат фота і для дзяржаўных прадпрыемстваў — да прыкладу, для кнігі да 20-годдзя «Магілёўаўтадора» або выдання да 50-годдзя Мінскага маторнага завода. Таксама Павел захапляецца падарожжамі па Беларусі, асабліва на ровары, аматар рыбалкі.

Яго вінавацяць у тым, што ён «распаўсюдзіў экстрэмісцкую сімволіку» (у ягоных сацсетках толькі два фота з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, узятыя з інтэрнэту).

Трэцім вядомым затрыманым стаў 22-гадовы Ігар Ступакоў з Буда-Кашалёва.

Ігар Ступакоў. Фота: канал ГУБАЗіК

Ігар — сірата. Вядома, што ён мае катэгорыю кіроўцы С і ў 2019-м шукаў працу кіроўцам. Чым ён займаецца цяпер — невядома.

Яго вінавацяць у «падпісцы на экстрэмісцкі тэлеграм-канал» — у сюжэце ГУБАЗіК паказваецца скрыншот з канала «Чай з малінавым варэннем».

Яшчэ аднаго затрыманага, імя якога невядомае, вінавацяць у тым, што ён у 2020-м напісаў каментар, сутнасць якога зводзіцца да таго, што людзям варта пратэставаць.

Невядомы, якога вінавацяць у падпісках на «экстрэмісцкія» чаты і пакіданні каментара там

Імёны астатніх двух мужчынаў, паказаных у відэа, таксама невядомыя.

Чытайце таксама:

Дзяўчыну затрымалі за каментары. Вось як яе адшукалі

Як выдаліць акаўнт у Telegram і стварыць яго нанова на віртуальны нумар — пакрокавы гайд

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Nashaniva.com