«Мы адданыя абароне правоў чалавека». Tinder абмяжуе доступ для карыстальнікаў з Расіі

Кампанія Match Group, якая валодае сэрвісам знаёмстваў Tinder, плануе спыніць працу ў Расіі да 30 чэрвеня. Пра гэта піша «Агентство. Новости» са спасылкаю на гадавую справаздачу на сайце кампаніі.

02.05.2023 / 13:32

 У дакуменце паведамляецца, што брэнды кампаніі «робяць крокі па абмежаванні доступу да сваіх паслуг у Расіі», а да 30 чэрвеня завершаць выхад з рынку краіны.

«Мы адданыя абароне правоў чалавека», — тлумачаць рашэнне ў Match Group.

Выканаўчы дырэктар кампаніі Friends fiduciary Corp, акцыянера Match Group, сказаў Reuters, што ў кампаніі былі важкія прычыны сысці з расійскага рынку.

Паводле яго слоў, дрэнна, калі надзейны брэнд працягвае працу ў краіне, прэзідэнт якой абвінавачаны Міжнародным крымінальным судом.

Агенцтва адзначае, што Match Group рабіла мала публічных заяваў пра сваю працу ў Расіі з пачатку вайны. Пры гэтым кампанія паведамляла аб негатыўных тэндэнцыях для бізнесу ў Еўропе ў сакавіку 2022 года. Расійскія карыстальнікі не маглі аплачваць пры дапамозе расійскіх карт платныя паслугі ў Tinder пасля пачатку вайны.

Financial Times пісала ў сакавіку, што ў чарзе на выхад з расійскага бізнэсу блізу 2000 кампаній. Продаж расійскіх прадстаўніцтваў замежных прадпрыемстваў павінны ўхваляць расійскія ўлады.

Nashaniva.com