У рознічым гандлі Беларусі зафіксавалі недахоп ялавічыны

Асартымент мясной гастраноміі і мяса ў беларускіх сетках — гэта на 98-99% айчынная прадукцыя, астатняе ідзе з Расіі, пра гэта паведаміла выканаўчы дырэктар Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская на форуме «Беларусь мясная» ў Мінску, перадае Sputnik.

27.04.2023 / 14:45

Са слоў Шаблінскай, на паліцах беларускіх крам ёсць дастойная таварная прапанова. Аднак маецца, напрыклад, праблема з ялавічынай — заяўкі сетак па гэтым відзе мяса задавальняюцца не заўсёды, выкананне ж па птушцы складае прыкладна 90%.

Выканаўчы дырэктар таксама патлумачыла, што і гандаль, і вытворцы перажылі найцяжэйшы 2022 год. Санкцыі Шаблінская назвала «справай няпростай». Да таго ж з'явіліся і жорсткія цэнавыя правілы, якія трэба выконваць. У сетак рэнтабельнасць у мясным сектары цяпер адносна невысокая, магчымасць праводзіць акцыі паменшылася.

«Мы губляем у аб'ёмах продажаў», — адзначыла яна.

Шаблінская лічыць, што для вырашэння праблемы трэба дамаўляцца вытворцам і сеткам.

Яна таксама паведаміла, што ўсё папулярней сярод пакупнікоў становяцца ўпакоўкі з «нарэзкамі» гатовага мяса ці каўбасы. Айчынныя вытворцы асвоілі гэты від падачы прадукту, але ў многіх выпадках яшчэ трэба будзе папрацаваць з пакаваннем і дызайнам. Шаблінская адзначыла, што ў дадзены момант не заўсёды ёсць сродкі, каб «прымаць рашэнні па прыгажосці» упакоўкі. Гэтую задачу нельга адкладаць — яе ўсё роўна давядзецца вырашаць у будучыні.

Розніца — амаль у два разы. Як у Мінску працуюць крамы з таварамі IKEA і якія там цэны

«Еўраопт» прадае тавары з IKEA. «Адкуль яны — наша ўнутраная інфармацыя»

Замест шведскай H&M у Мінск заедзе расійская Befree

Nashaniva.com