Бенджамін Ферэнц, апошні пракурор Нюрнберга, памёр ва ўзросце 103 гадоў

«Прычына, па якой я працягваў прысвячаць большую частку свайго жыцця прадухіленню вайны, заключаецца ў тым, што я ўсведамляю, што наступная вайна зробіць папярэднюю падобнай на дзіцячую гульню, — сказаў Ферэнц калегіі адвакатаў у 2018 годзе. — Закон, а не вайна застаецца маім лозунгам і маёй надзеяй».

09.04.2023 / 09:54

Бенджамін Ферэнц. Фота: АР

Бенджамін Ферэнц, апошні жывы абвінаваўца Нюрнбергскага працэсу ў Нямеччыне, які прыцягнуў да адказнасці нацысцкіх ваенных злачынцаў пасля Другой сусветнай вайны, і даўні паборнік міжнароднага крымінальнага права, сканаў у пятніцу ва ўзросце 103 гадоў.

Ферэнц, юрыст, які атрымаў адукацыю ў Гарвардзе, дамогся прысуду для шматлікіх нямецкіх афіцэраў, якія падчас вайны ўзначальвалі лятучыя эскадроны смерці.

Яму было ўсяго 27 гадоў, калі ў 1947 годзе ён выступіў у якасці пракурора на Нюрнбергскім працэсе, на якім нацысты паўсталі перад судом за злачынствы супраць чалавецтва.

Пасля Другой сусветнай вайны Ферэнц на працягу дзесяцігоддзяў выступаў за стварэнне міжнароднага суда, і гэтая мэта была рэалізавана са стварэннем Міжнароднага крымінальнага суда, які засядае ў Гаазе. 

Ферэнц таксама стаў адным з найбуйнейшых спонсараў музея Халакоста, створанага ў Вашынгтоне. 

«Сёння свет страціў лідара, які шукаў справядлівасці для ахвяр генацыду і звязаных з ім злачынстваў. Мы смуткуем аб смерці Бэна Ферэнца — апошняга нюрнбергскага пракурора па ваенных злачынствах. Ва ўзросце 27 гадоў, не маючы досведу ўдзелу ў судовых працэсах, ён дамогся вынясення абвінаваўчых прысудаў у дачыненні да 22 нацыстаў», — гаворыцца ў паведамленні Музея Халакоста ў Twitter.

Today the world lost a leader in the quest for justice for victims of genocide and related crimes. We mourn the death of Ben Ferencz—the last Nuremberg war crimes prosecutor. At age 27, with no prior trial experience, he secured guilty verdicts against 22 Nazis.

— US Holocaust Museum (@HolocaustMuseum) April 8, 2023
 

У сакавіку 2022 года Ферэнц даў інтэрвʼю The Mirror ён заявіў, што «злачынствы, якія цяпер здзяйсняюцца Расіяй супраць Украіны, зʼяўляюцца ганьбай для чалавечага грамадства, вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці за агрэсію, злачынствы супраць чалавечнасці і проста забойствы. Чым раней злачынцаў прыцягнуць у суд, тым больш шчаслівым мы будзем».

У тым жа інтэрвʼю Ферэнц выказаў упэўненасць, што Уладзіміра Пуціна можна пасадзіць у турму — па аналогіі з лідарам баснійскіх сербаў Радаванам Караджычам. У сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

 

Nashaniva.com