Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення

Юрый Васкрасенскі ў інтэрвʼю праграме «Панарама» расказаў, як па ініцыятыве польскіх дыпламатаў арганізаваў сустрэчу з палітвязнем, актывістам польскай меншасці ў Беларусі Андрэем Пачобутам. Гэта адбылося «прыкладна паўтара года таму». Верагодна, перамовы ішлі пра ўмовы вызвалення і перадачу Пачобута ў Польшчу.

04.04.2023 / 08:37

Андрэй Пачобут. Фота: БелТА

«Па просьбе польскага боку я звярнуўся да следчых органаў, і яны ласкава дазволілі сустрэцца з Пачобутам утрох: Пачобут, польскі пасол і я. Гэта сустрэча адбылася ў Следчым камітэце прыкладна паўтара года таму з мэтай нармалізацыі адносін, спынення эскалацыі», — кажа Васкрасенскі.

Але, паводле яго, сустрэча не стала для Васкрасенскага прыемнай. Пачобут не быў спагадлівым з былым членам штаба Бабарыкі.

«Ён паспрабаваў накінуцца на мяне, і атрымаў адпаведны адпор», — узгадвае Васкрасенскі, якому было, відаць, не салодка.

«Для мяне да гэтага часу часу загадка, чаму ён так паводзіў сябе. <…> Я падумаў: можа ён і ў Польшчу не жадае вяртацца», — сказаў Васкрасенскі, які сам пасля арышту пайшоў на супрацу са спецслужбамі і стаў ухваляць дзеянні ўладаў.

У 2021 годзе Беларусь вызваліла трох актывістак польскай меншасці. Гэта Ганна Панішава, Марыя Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая. Яны былі высланыя з Беларусі ў Польшчу.

У сакавіку 2022 года кіраўніка незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад варты і перавялі пад хатні арышт.

9 лютага на 8 гадоў калоніі асудзілі журналіста Андрэя Пачобута.

Польшча не пакідае спробаў вызваліць яго. «Калі Андрэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», — сказаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.

Чытайце таксама:

Польшча дамаглася вызвалення больш за 10 палітвязняў у Беларусі — прадстаўнік МЗС

Лукашэнка адказаў, на каго гатовы абмяняць палітвязня Пачобута

Nashaniva.com