Еўрасаюз забараняе пасля 2035 года выпускаць машыны на бензіне і дызелі

Рада Еўрасаюза зацвердзіла новыя мэтавыя паказчыкі Еўрасаюза па скарачэнні вугляродных выкідаў аўтамабіляў. Гэта значыць, што ўжо ў 2035 годзе будзе ўведзеная практычна поўная забарона на рэалізацыю і эксплуатацыю аўтамабіляў з бензінавымі і дызельнымі рухавікамі.

29.03.2023 / 15:53

«Новыя нормы вызначаюць наступныя мэты: узровень выкідаў у 2030-2034 гадах для новых аўтамабіляў павінен быць скарочаны на 55% для аўтамабіляў і на 50% для фургонаў у параўнанні з узроўнем 2021 года. З 2035 года ўзровень вугляродных выкідаў павінен быць скарочаны на 100%», — гаворыцца ў дакуменце.

Да гэтага супраць экалагічных мер выступалі Італія, Балгарыя, Партугалія, Румынія і Славакія. Яны асцерагаліся, што ад забароны на дызельныя аўто могуць пацярпець такія вытворцы, як Ferrari і Lamborghini. Гэтыя краіны настойвалі на адтэрміноўцы па рашэнні да 2040 года.

Спрэчкі паміж сябрамі ЕС прывялі да таго, што краінам давялося пайсці на пэўны кампраміс. Машыны з рухавікамі ўнутранага згарання выпускаць пасля 2035-га ўсё ж зусім не спыняць, але яны павінны будуць выкарыстоўваць вугляродна-нейтральнае паліва, што не выкідае ў атмасферу дыяксід вугляроду. Магчымай альтэрнатывай можа стаць вадарод.

Прадстаўнікі аўтаіндустрыі віталі дасягненне кампрамісу. «Наша галіна вітае ўпэўненасць у планаванні, якую дае сённяшняя вяха», — заявілі ў прэс-службе Еўрапейскага аб'яднання аўтавытворцаў Acea. Нейтральны з пункту гледжання тэхналогій падыход — гэта найлепшы спосаб дасягнуць кліматычных мэтаў, дадалі ў арганізацыі.

Чытайце таксама:

«Такіх «Аўдзі» амаль не засталося». Па якіх цэнах беларусы прадаюць народныя аўтамабілі

Пасля перасячэння беларускай мяжы машыны з Еўропы «губляюць» дзясяткі тысяч кіламетраў. Як прадаўцы падманваюць з прабегам аўто

Трэнд: ва ўсіх развітых краінах у моладзі ездзіць за рулём больш не модна 

Nashaniva.com