Мінюст патрабуе ад адвакатаў паведамляць пра кліентаў-замежнікаў, акрамя расіян

Загадчыкі юркансультацый павінны падаваць інфармацыю аб фактах звароту замежных грамадзян (за выключэннем грамадзян Расійскай Федэрацыі), якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь. Такое патрабаванне ідзе ад міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі, паведаміла ў лісце старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Вера Арэшка. Гэты ліст трапіў да адвакацкага рэсурсу defenders.by.

29.03.2023 / 12:47

Аб перадачы такой інфармацыі Мінюсту самому кліенту-замежніку невядома, ён не дае пісьмовай згоды на такую ​​перадачу.

Пры гэтым у Міністэрства юстыцыі будуць даваць імя, прозвішча, месца рэгістрацыі, кантактны тэлефон замежнай асобы.

«Усё гэта складае звесткі аб прыватным жыцці кліента, адпаведна, распараджэннем міністра парушаецца не толькі міжнародна прыняты прынцып адвакацкай таямніцы, але яшчэ і права кліента на прыватнае жыццё. Падобныя дзеянні адвакатаў па перадачы даных сваіх кліентаў падрываюць давер паміж тымі, хто звярнуўся за юрдапамогай, і адвакатамі, а падобныя дзеянні органаў кіравання — сам прэстыж адвакатуры», звяртае ўвагу defenders.by.

Мэты і спосабы выкарыстання атрыманай інфармацыі ні мінюстам, ні МГКА не абазначаюцца.

Nashaniva.com