УСУ нанеслі ўдар па Мелітопалі

Украінская армія раніцай у сераду нанесла ўдар па цэлях у акупаваным Мелітопалі.

29.03.2023 / 07:13

Міні-гатэль і рэстаран «Прывал паляўнічага» ў Мелітопалі пасля ўкраінскага ўдару 10 снежня 2022 года

Спачатку розныя крыніцы паведамілі пра некалькі магутных выбухаў у Мелітопалі. Сцвярджалася, што яны адбыліся ў раёне аэрадрома, але надзейных пацверджанняў (або аспрэчанняў) не было.

Праз некаторы час расейскія агенцтвы абвясцілі са спасылкай на экстранныя службы горада, што ўдар быў нанесены па лакаматыўным дэпо.

Паводле заявы экстранных службаў, у дэпо ёсць разбурэнні, але пацярпелых няма.

Ваенны аэрадром у Мелітопалі, які расіяне, па мностве сведчанняў, зрабілі сваёй базай, і лакаматыўнае дэпо знаходзяцца адносна недалёка адзін ад аднаго ў паўночна-заходняй частцы горада.

Якімі менавіта сродкамі быў нанесены ўдар, пакуль не вядома. Ад Мелітопаля да лініі фронту — прыкладна 60 км.

Nashaniva.com