СК назваў адказнага за гібель 12-гадовага хлопчыка на футбольнай пляцоўцы ў Мінску

Здарэнне адбылося днём 12 лістапада на спартыўнай пляцоўцы каля жылых дамоў на вуліцы Фогеля. 12-гадовы хлопчык, які гуляў у футбол з сябрамі, заскочыў на вароты і пачаў разгойдвацца. Пад цяжарам цела падлетка металічная канструкцыя ўпала проста на яго.

28.03.2023 / 11:09

Дзіця атрымала цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і знаходзілася ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, яго стан ацэньваўся як цяжкі. Хлопчыку зрабілі аперацыю. Але выратаваць яго не ўдалося.

Следчыя паведамілі, што адказнай за тэхнічны стан спартыўнай пляцоўкі з'яўлялася 24-гадовая намеснік дырэктара КУП «Жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак №1 Першамайскага раёна г. Мінска». 

«Пагарджаючы сваімі службовымі абавязкамі і выяўляючы крайнюю бесклапотнасць, абвінавачаная «закрыла вочы» на заяўкі ад жыхароў раёна аб замацаванні варот. Непрынятыя меры да агароджы і прадухілення эксплуатацыі няспраўнага абсталявання супрацоўнікам жыллёвай арганізацыі прывялі да гібелі 12-гадовага хлопчыка».

Дзеянні жанчыны СК кваліфікаваў па ч.2 арт.428 (службовая халатнасць, якая прывяла па неасцярожнасці да смерці чалавека) Крымінальнага кодэкса. 

Да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва. 

Nashaniva.com