Колькі каштуе «хілтан» для пʼяніцы ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве? Вы здзівіцеся

У рэдакцыю «Вячэрняга Брэста» звярнулася мясцовая жыхарка. Яна распавяла, што муж яе любіць пасядзець з сябрамі, што часам заканчваецца ў медыцынскім выцвярэзніку. Нядаўна пасля такога начлегу муж заявіў, што за пастой прыйшлося выкласці амаль сто рублёў. «Нешта не верыцца…» — напісала гараджанка ў рэдакцыю.

27.03.2023 / 09:30

Рэдакцыя патлумачыла, што выцвярэзнік у сучаснай інтэрпрэтацыі (камеры з драўлянымі тапчанамі) называецца спецізалятарам.

Сумы плацяжоў за начлег вымяраюцца базавымі велічынямі. На сённяшні дзень сутачны рахунак за паслугі спецізалятара складае 92 рублі 50 капеек. Гэта не штраф, гэта сама «паслуга». Але магчымы яшчэ і штраф за адміністрацыйнае правапарушэнне.

Заплаціць за начлег трэба ў месячны тэрмін. Калі гэтага не зрабіць, судовы выканаўца спагоніць грошы прымусова.

Прычым з утрыманнем дадатковай натарыяльнай дзяржпошліны, а гэта яшчэ 55 рублёў 50 капеек.

Выданне нагадвае, што ў Савецкім Саюзе выцвярэзнік абыходзіўся пʼянюжцы ў суму не больш за адзін рубель, пры тым што заробак быў у сярэднім 150 рублёў у месяц. То-бок, недзе 150-я частка заробку.

Nashaniva.com