Дачку Кім Чэн Ына заўважылі ў куртцы Dior за 2800 даляраў

Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі сфатаграфавалі 10-гадовую дачку лідара Паўночнай Карэі Кім Чжу Э, калі яна прысутнічала на чарговым запуску ракеты са сваім бацькам Кім Чэн Ынам на мінулым тыдні, паведамляе The Washington Post.

26.03.2023 / 19:38

Адметныя ромбы пухавіка Dior добра бачныя на фота з дачкой Кім Чэн Ына

Гэта быў Хвасон-17, здольны дасягаць мацерыка ЗША. Як раней заяўляў Пхеньян, ракета павінна прадэманстраваць «жорсткую пазіцыю ў адказ» на ваенныя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі, якія працягваюцца.

У Пхеньяне ўсё яшчэ халодна, таму Кім Джу Э апранула чорную цёплую куртку. Паўднёвакарэйскі канал TV Chosun, заўважыўшы характэрныя ромбы на ёй, паведаміў, што яна выглядае сапраўды ідэнтычна той, што прадаецца французскім люксавым брэндам Christian Dior. Куртка прадстаўленая ў апошняй калекцыі і разлічаная на дзяцей 10-12 гадоў. Цана — 2800 даляраў.

Пухавік з дзіцячай калекцыі прадаецца за 2800 даляраў.

Як гаворыцца ў апісанні мадэлі, гэты пухавік ушаноўвае спадчыну Дома са знакавым матывам Cannage. Гэта асаблівая вышыўка, якая складаецца з геаметрычнага малюнка з квадратаў і дыяганаляў. Падобны малюнак з'яўляецца на многіх вырабах Dior, асабліва часта на сумках. Узор быў навеяны крэслам Напалеона III. 

Крэсла Напалеона III, якое натхніла на стварэнне культавага для брэнда ўзору.

Пухавік выраблены з чорнага воданепранікальнага аксаміту, напоўнены пухам і пер'ем.

Да мінулага лістапада ўлады КНДР не пацвярджалі наяўнасць у лідара краіны дзяцей. Паводле звестак паўднёвакарэйскай разведкі, у іх з жонкай Лі Соль Чжу дзве дачкі і сын — 2010, 2013 і 2017 гадоў нараджэння. Кім Чжу Э — дзесяць гадоў. У апошні час Кім Чэн Ын часта з'яўляецца з дачкой на публічных мерапрыемствах.

Чытайце таксама:

У КНДР пераймяноўваюць цёзак дачкі Кім Чэн Ына

Кім Чэн Ын паглядзеў спартыўныя спаборніцтвы разам з дачкой

Nashaniva.com