«Перамога над маскавітамі будзе агульнай. Разам, кажуць, лягчэй». З Днём Волі беларусаў павіншавала ўкраінская разведка

Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны павіншавала беларусаў з Днём Волі. У ім адзначаецца, што ў гэты дзень год таму батальён Каліноўскага прыняў прысягу на вернасць беларускаму народу.

25.03.2023 / 22:45

Віншаванне антылукашэнкаўскім беларусам апублікавана ў афіцыйным канале ГУР:

«25 сакавіка беларусы ва ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі. Для кожнага грамадзяніна Беларусі, які марыць аб вольнай нацыянальнай дзяржаве, гэтае свята мае і заўсёды будзе мець асаблівы сэнс.

Зрэшты, беларусы не толькі мараць, але і дзейнічаюць: роўна год таму, 25 сакавіка 2022 года, байцы батальёна імя Кастуся Каліноўскага ў атакаваным расійскімі ракетамі Кіеве прынялі прысягу на вернасць беларускаму народу і сталі змагацца за свабоду для сваёй нацыі са зброяй у руках.

Воля і ўкраінскага, і беларускага народаў пад пагрозай аднаго жорсткага і неадэкватнага ворага. Параза Масковіі на полі бою ва Украіне і далейшае крушэнне імперыі зла дасць беларусам новы шанец на карэнныя змены ў іх краіне.

Воля — наша агульная каштоўнасць. Так што і здабытая перамога над маскавітамі будзе агульнай.

Украіна заўсёды будзе побач як надзейны добры сябар і ветлівы сусед. Разам, кажуць, лягчэй. За вашу і нашу будучыню — да бою!

З Днём Волі! Жыве Беларусь!»

Nashaniva.com