«Хіба адбылося нешта пазітыўнае?» Прэзідэнт Літвы супраць змякчэння санкцый адносна рэжыму Лукашэнкі

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 23 сакавіка ў Бруселі ў каментары журналістам назваў непрымальнымі спробы некалькіх краінаў Еўрасаюза прабіць змяншэнне санкцыйнага ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Менску. Паводле яго, для гэтага няма ніякіх падстаў.

23.03.2023 / 17:54

Гітанас Наўседа. Фота ілюстрацыйнае

«Мы ўвялі гэтыя санкцыі з вельмі выразнымі мэтамі. Яны былі ўведзеныя, каб гэтыя два рэжымы адчулі наступствы сваіх дзеянняў, найперш калі гаворка заходзіць пра вайну ва Украіне. У выпадку з Беларуссю мы гаворым і пра іншыя рэчы. Напрыклад, вымушаная пасадка самалёта або нелегальная міграцыя.

І скажыце мне, ці адбылося што-небудзь пазітыўнае, каб гэтыя санкцыі можна было змякчыць? Нічога. Сітуацыя рабілася толькі горшай.

Беларускі рэжым стаў яшчэ больш падтрымліваць Расею ў гэтай вайне. Ці былі вызваленыя з турмаў палітычныя зняволеныя? Не. Гэта азначае, што мы не павінны дапамагаць гэтым дзвюм дыктатарскім дзяржавам святкаваць перамогу над намі ў выглядзе паслаблення санкцый», — адзначыў Наўседа.

Больш таго, палітык заклікаў, наадварот, змагацца са спробамі абысці дзейныя санкцыі.

Паводле яго, грашовыя патокі ад угнаенняў — адна з галоўных крыніц фінансавання рэжыму Лукашэнкі, таму па ёй трэба біць.

Раней з'яўлялася інфармацыя, што адразу некалькі краін, а таксама ААН лабіруюць магчымасць змякчэння санкцый супраць беларускага калію, прыкрываючыся нібыта інтарэсамі бедных краін, якім без гэтых угнаенняў пагражаюць сур'ёзныя праблемы. 

Чытайце таксама:

ААН незадаволеная Літвой, што не дае вазіць беларускі калій

Ёзвяк: За вывад беларускага калію з-пад санкцый выступаюць Партугалія, Бельгія, Нідэрланды і Францыя

ААН і Бразілія праз Партугалію лабіруюць вывад Гуцэрыева і Галаватага з-пад санкцый

Прэзідэнт Літвы: Літоўскія кампаніі, у дварах якіх лунаюць украінскія сцягі, могуць адначасова дапамагаць Лукашэнку

Nashaniva.com