Што вядома пра кадэбэшніка Аляксея Захарава, якога «Байпол» лічыць «ліквідаваным замежнікам» у Гродне

Учора «Байпол» агучыў сваю версію падзей у Гродне. Ён палічыў «ліквідацыю тэрарыста-замежніка» інсцэніроўкай і нават назваў імя меркаванага выканаўцы галоўнай ролі. Распавядаем, што вядома пра гэтага чалавека.

22.03.2023 / 11:22

«Аляксей Ламакін» з падробнага расійскага пашпарта і Аляксей Захараў з базы АІС «Пашпарт». Фота: АТН, «Кіберпартызаны»

Ці насамрэч «Ламакін» і Аляксей Захараў адзін чалавек, нам дакладна не вядома. Разам з тым, дзве нейрасеткі, якімі карыстаюцца для праверкі падабенства твараў, выдалі вынік падабенства гэтых фота 98% і больш.

Фота з пашпарта псеўда-Ламакіна спачатку не ўдалося прабіць праз яго кепскую якасць. Аднак пазней у сюжэце дзяржТБ паказалі здымак у лепшай якасці. Па базе «Кіберпартызанаў» ён ідэнтыфікуецца як супрацоўнік КДБ Захараў Аляксей Мікалаевіч 1981 года нараджэння.

Сяргею Захараву 41 год. Ён родам з Гарадка Віцебскай вобласці. Бацька мужчыны са структур МУС, перад пенсіяй працаваў у гарадоцкім ІЧУ.

Па звестках, перададзеных «Нашай Ніве» ад «Кіберпартызанаў», у 2003 годзе Сяргей Захараў праваў ва ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны Гарадоцкага райвыканкама.

Ужо ў 2004 годзе мужчына пераходзіць на працу ў часць №94017, якая знаходзіцца ў мястэчку Прудок ля Гарадка. Яна ўваходзіць у Вайскова-паветраныя сілы і войскі СПА. Часць адказвае за ўтылізацыю пратэрмінаваных боепрыпасаў (у Гарадку знаходзіцца Цэнтр утылізацыі авіяцыяных сродкаў паражэння), а на яе тэрыторыі ёсць пажарная часць, якая дапамагае мясцоваму МНС тушыць пажары і займаецца выратавальна-выведвальнымі работамі разам з МУС.

Вайскоўцам часці №94017 прэзентуюць лукашэнкаўскую Канстытуцыю ў 2021 годзе. Фота: «Гарадоцкі веснік»

Захараў пасля не раз вяртаўся туды.

У 2005 годзе мужчына пераходзіць на працу ў Гарадоцкі льнозавод, але цягам года зноў пераходзіць у часць №94017. Пасля невялікага перапынку ён пачынае працаваць у «Белтэхэкспарце», потым вяртаецца ў часць №94017, а пазней пераходзіць на працу на «Гарадоцкі рамонтны завод». У 2008 ягоным месцам працы зноўку значыцца часць №94017, дзе ён працаваў сама меней да 2011 года.

У 2012-м у базе АІС «Пашпарт» ягоным месцам працы ўжо пазначаны КДБ.

У 2016-м мужчыну пераводзяць на працу ў Віцебск. Ягоная рэгістрацыя — вул. Медыцынская, д. 2. кв. 4, як у ягонай жонкі і двух ягоных калег-чэкістаў. Імаверна, гэта канспіратыўная або дзяжурная кватэра для іншагародніх супрацоўнікаў КДБ.

Дом па вуліцы Медыцынскай у Віцебску, дзе прапісаны Захараў і двое іншых чэкістаў. Фота: kufar.by

Адметна таксама, што напрыканцы 2012 года мужчына ажаніўся, але ў базе мужчыны гэтай адзнакі няма (але яна ёсць у жонкі). Жонка не ўзяла ягонае прозвішча, а мужчына падпісваўся ў сацсетках яе прозвішчам.

На наш запыт па каментар жанчына не адказала і заблакавала журналіста.

Пакуль гісторыя пакідае шмат пытанняў.

Паводле версіі прапагандыстаў, у Беларусь «Ламакіна» нібыта закінулі з Польшчы. Спачатку з 24 па 28 лютага ён жыў у Магілёве, 1 сакавіка накіраваўся ў Мінск, а пасля перабраўся ў Гродна.

Гаспадара той арэнднай кватэры арыштавалі.

«Ламакін» нібыта рыхтаваў тэракт, меў выбухоўку і зброю.

Пры затрыманні ён, паводле афіцыйнай версіі, адкрыў агонь з аўтамата Калашнікава, кінуў гранаты і быў паранены. Па дарозе ў бальніцу, паводле версіі сілавікоў, ён памёр.

Чытайце таксама:

«Байпол» лічыць падзеі ў Гродне інсцэніроўкай. І называе імя меркаванага «тэрарыста»

ДзяржСМІ паказалі падроблены пашпарт забітага ў Гродне. Распавядаем, каму ён належаў і як робяцца такія дакументы

Па ТБ расказалі падрабязнасці таго, як «Ламакін» курсіраваў па Беларусі і як яго нібыта бралі кадэбісты

МУС шукае каля 1000 чалавек за «экстрэмісцкія злачынствы». Але «не больш»

Nashaniva.com