Праз некалькі дзён пасля пачатку мабілізацыі з Расіі на чартары паляцелі 250 дактароў. Яго аплаціў мільярдэр са спісу Forbes

У верасні 2022 года праз некалькі дзён пасля пачатку мабілізацыі Расію на чартарным рэйсе пакінулі адразу 250 дактароў, якія асцерагаліся адпраўкі ва Узброеныя сілы. 

21.03.2023 / 15:32

Паводле звестак журналістаў, рэйс арганізаваў «знакаміты доктар». Лекары, якія ляцелі на самалёце, заплацілі за гэтую магчымасць па 40 тысяч расійскіх рублёў (больш за 500 даляраў), а астатнія неабходныя для выкупу чартара грошы дадаў нейкі расейскі мільярдэр са спісу Forbes, які інвестуе ў сферу лічбавых тэхналогій. Імёны арганізатара рэйса і бізнэсмэна не раскрываецца па меркаваннях бяспекі.

У якасці прычыны для вылету за мяжу арганізатары рэйса прыдумалі легенду пра медычны кангрэс у Ерэване. Усім пасажырам раздалі надрукаваныя запрашэнні на неіснуючы Кангрэс, а таксама нататнікі і ручкі з яго лагатыпам.

За дзень да вылету высветлілася, што перагружаны самалётамі з Расіі аэрапорт Ерэвана больш не прымае чартарныя рэйсы. Тады арганізатары вырашылі ляцець у Казахстан — ім давялося перадрукаваць запрашэнні і атрыбутыку. Борт паляцеў у Астану 27 верасня.

Пасьля абвяшчэньня аб мабілізацыі Расію, паводле розных ацэнак, пакінулі ад некалькіх сотняў тысяч да больш чым мільёна чалавек. Часцей за ўсё яны з'язджалі ў Казахстан, Грузію, Арменію і Турцыю.

Nashaniva.com