МАЗ быў без тэхагляду, маршрутка перапоўнена, школьны аўтобус зламаўся. Новыя акалічнасці страшнай аварыі пад Смалявічамі

Расследаванне трагічнага ДТЗ з удзелам маршруткі і МАЗа ў Смалявіцкім раёне 20 лютага выявіла комплекс праблем у сферы дарожнай бяспекі. Пра гэта распавёў журналістам генпракурор Андрэй Швед.

21.03.2023 / 14:46

Наступствы жахлівай аварыі пад Смалявічамі. Фота: МУС

Адной з тэм нарады стала дарожная бяспека. У сувязі з гэтым генпракурор згадаў пра аварыю з удзелам маршруткі і гружанага МАЗа, якая здарылася 20 лютага паблізу Смалявічаў. У выніку лабавога сутыкнення тады загінулі 11 чалавек, яшчэ 9 пацыентаў у вельмі цяжкім стане былі шпіталізаваныя ў бальніцы. Пазней двое з іх памерлі. Сярод загінулых былі і дзеці.

«За ўсімі гэтымі трагічнымі абставінамі стаіць цэлы комплекс праблем. Той жа аўтамабіль МАЗ два гады не праходзіў тэхагляд.

Выявіліся сур'ёзныя праблемы ў бяспецы перавозак пасажыраў: у гэтым маршрутным таксі, дзе 15 пасадачных месцаў, ехалі 19 чалавек, г.зн. у пагоні за нажывай грузаперавозчык проста напіхаў туды людзей.

Бачыце, сукупнасць фактараў. Адно чапляецца за іншае. Мы зараз праверылі: у службе Мінаблтранса больш за 100 грузавікоў ездзяць без тэхагляду. Кожны з іх — гэта небяспека на дарозе. І гэта толькі ў адным прадпрыемстве», — заўважыў Швед.

Паводле яго слоў, па ўсёй краіне цяпер праводзіцца татальная праверка, па даручэнні Лукашэнкі наводзіцца парадак у гэтай сферы.

«Далей. У гэтым злашчасным маршрутным таксі ехалі школьнікі. Чаму яны ў ім ехалі: бо зламаўся школьны аўтобус, а органы мясцовай улады не забяспечылі аператыўную замену. Дзеці былі вымушаныя ездзіць у маршрутным таксі.

У выніку двое дзяцей загінулі, двое — атрымалі цялесныя пашкоджанні. Вядома, гэта вельмі сумна. Гэты прыклад паказвае, што крыху забыліся, самазаспакоіліся, адышлі ад таго, што няма дробязяў. Кожны павінен на сваім месцы забяспечваць рэалізацыю тых задач, якія на яго ўскладзеныя», — сказаў Швед.

Nashaniva.com