«Надзвычай хвалююся». 92-гадовы медыямагнат Руперт Мердак абвясціў, што ажэніцца пяты раз

Медыямагнат, Руперт Мердак, які валодае шматлікімі СМІ, кінакампаніямі і выдавецтвамі ў розных краінах свету, абвясціў, што ажэніцца на сваёй новай пасіяй Эн Леслі Сміт, якая ў мінулым працавала капеланам у паліцыі. Гэты шлюб стане пятым для 92-гадовага мільярдэра, які нядаўна разышоўся з Джэры Хол — былой жонкай Міка Джагера, піша Бі-бі-сі.

21.03.2023 / 09:53

Мердак і Сміт плануюць ажаніцца летам. Фота: Jenna Bascom photography

Мердак пазнаёміўся з 66-гадовай Сміт у верасні мінулага года падчас мерапрыемства на яго вінаградніках у Каліфорніі.

«Мяне трывожыла магчымасць зноў закахацца, але я ведаў, што гэты раз будзе апошнім. Лепш хай ён будзе апошнім. Я шчаслівы», — сказаў Мердак газеце New York Post, якая ўваходзіць у яго міжнародную медыяімперыю.

Мердаку, чый стан ацэньваецца больш чым у 20 млрд даляраў, належыць мноства ўплывовых друкаваных выданняў і тэлеканалаў кансерватыўнай накіраванасці па ўсім свеце. У іх ліку, напрыклад, брытанскі таблоід Sun і больш рэспектабельная Times, а таксама амерыканская Wall Street Journal і тэлеканал Fox News.

Папярэднім мужам выбранніцы Мердака быў Чэстэр Сміт, спявак у стылі кантры і медыяменеджар.

«Апошнія 14 гадоў я ўдава. Як і Руперт, мой муж быў бізнэсмэнам. Працаваў у мясцовых газетах, развіваў радыё– і тэлеканалы, дапамагаў прасоўваць Univision [іспанамоўнае тэлебачанне ў ЗША]. Таму я з Рупертам размаўляю на адной мове. Мы падзяляем агульныя перакананні», — падзялілася Сміт з New York Post.

«Для нас абодвух гэта дар ад Бога», — дадала яна.

Мердак і Сміт плануюць згуляць вяселле летам. Пасля гэтага маладыя збіраюцца жыць на чатыры дамы: у Каліфорніі, Мантане, Нью-Ёрку і Вялікабрытаніі, распавёў медыямагнат.

Са сваёй папярэдняй жонкай, экс-супермадэллю Джэры Хол Мердак разышоўся ў мінулым годзе. Раней ён быў жанаты на аўстралійскай сцюардэсе Патрысіі Букер, журналістцы з шатландскімі каранямі Ганне Ман, а таксама прадпрымальніцы кітайскага паходжання Вэндзі Дэнг.

Ад ранейшых шлюбаў у Мердака ёсць шэсць дзяцей.

Мердак таксама распавёў, што прапанову сваёй выбранніцы ён зрабіў у Дзень Святога Патрыка, нябеснага апекуна Ірландыі, патлумачыўшы, што на адну чвэрць з'яўляецца ірландцам.

Мільярдэр дадаў, што, прапаноўваючы нявесце руку і сэрца, ён надзвычай хваляваўся.

Чытайце таксама:

Легендарны астранаўт Баз Олдрын ажаніўся ў свой 93-і дзень нараджэння

Калі гаворка пра шлюб і грошы, то супрацьлегласці прыцягваюцца

Яна Паплаўская, якая сыграла Чырвонага Каптурка, выйшла замуж за журналіста, які на 15 гадоў маладзейшы за яе

Nashaniva.com