У Бабруйску КДБ затрымаў 18-гадовага хлопца. Яго раздзелі і прымусілі аголеным расказваць пра сябе на відэа

Віна хлопца заключаецца ў тым, што ён сімпатызаваў Украіне.

18.03.2023 / 20:43

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі проста на вуліцы затрымалі 18-гадовага Арцёма Бярозкіна, паведамляюць праваабаронцы-вясноўцы.

Здарылася гэта ў рамках «зачысткі», якую загадаў правесці Аляксандр Лукашэнка.

Юнака паклалі на асфальт і прывезлі дамоў, дзе дзе яго раздзелі і прымусілі аголеным, у адных трусах, застрашаным, расказваць на відэа, што ён стварыў тры каналы ў тэлеграм, дзе размяшчаў «экстрэмісцкія», нібыта, матэрыялы — да прыкладу, фатаграфіі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Таксама яму ў віну ставяць створаны ў Тыктоку акаўнт, прысвечаны барацьбе Украіны супраць расійскай агрэсіі. Юнака вінавацяць і ў стварэнні чырвона-чорнага патча.

Відэа з юнаком апублікавалі лукашэнкаўскія СМІ.

Аб працягу «комплекснай адпрацоўкі асоб, якія падтрымліваюць «антыдзяржаўныя погляды», паведаміла 17 сакавіка прэс-служба МУС. Толькі ГУБАЗіК штодзень праводзіць каля 20 ператрусаў. Загад пра зачыстку аддаў Аляксандр Лукашэнка, пасля таго як падпольшчыкі з выкарыстаннем дронаў вывелі з ладу мегакаштоўны расійскі самалёт, які базаваўся на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам і з дапамогай якога ракеты і дроны наводзіліся на цэлі ва Украіне. Адказнасць за гэтую дыверсію ўзяла на сябе ініцыятыва сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол».

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. Ад 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць таксама за антываенныя выказванні або за сімпатыі Украіне, якая змагаецца за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. За гэты час у краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.

Чытайце таксама:

Пра «ілюзію Бабарыкі» і «непрадказальнае, якое нас чакае». Гісторык Фрыдман параўноўвае лукашызм з іншымі дыктатурамі і ўпэўнены, што моладзь спытае: «Як так атрымалася, што ўсё навокал расійскае?»

Nashaniva.com