Скачок смерцяў зняволеных: што вядома пра страты Расіі за 13 месяцаў вайны

На аснове адкрытых крыніц Бі-бі-сі ўдалося ўстанавіць імёны 17 375 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Асабліва вялікія страты нясуць зняволеныя, якія адправіліся на фронт. З пачатку года загінула не менш за 1000 чалавек, якія павінны былі адбываць пакаранне ў расійскіх турмах.

17.03.2023 / 14:53

За апошнія два тыдні Рускай службе Бі-бі-сі сумесна з выданнем «Медыязона» і камандай валанцёраў атрымалася ўстанавіць імёны 1304 загінулых, што па ранейшаму істотна вышэй, чым сярэднія паказчыкі 2022 года. Цягам першага года ўварвання расейскія крыніцы кожны тыдзень звычайна паведамлялі прыкладна пра 250-300 загінулых.

Гаворка ідзе толькі пра тых даныя, якія ўдаецца знайсці і праверыць па адкрытых крыніцах, то-бок рэальная колькасць страт вызначана яшчэ большая.

Да сярэдзіны сакавіка ўдалося пацвердзіць гібель 17 375 расійскіх вайскоўцаў. Траціна ўсіх гэтых страт прыпадае на тых, хто да пачатку ўварвання не быў звязаны з арміяй — добраахвотнікаў, мабілізаваных, зняволеных і нядаўна набраных супрацоўнікаў ПВК.

Спіс можа ўтрымліваць прынамсі ў два разы менш імёнаў загінулых, чым у рэчаіснасці пахавана ў Расіі. Да такой высновы журналісты прыйшлі, вывучаючы абстаноўку на могілках у больш чым 65 расійскіх населеных пунктах на працягу апошніх 13 месяцаў.

Такім чынам, паводле найбольш кансэрватыўнай ацэнкі, падчас уварваньня ва Ўкраіну Расія магла страціць каля 35 тысяч чалавек загінулымі.

Агульныя беззваротныя страты Расіі (гэта значыць колькасць тых, хто выбыў са строю па прычыне ранення або смерці альбо прапаў без вестак) могуць складаць прынамсі 157 500 чалавек.

Гэтая лічба атрыманая на аснове назіранняў Цэнтра вайскова-марскога аналізу ЗША, згодна з якімі на кожнага загінулага расейскага вайскоўца падчас вайны ва Украіне прыпадае ў сярэднім блізу трох з паловай параненых.

У гэтую лічбу не ўваходзяць тыя, хто ваяваў на баку Расіі ў складзе «народных міліцый» Данецка і Луганска. Акрамя таго, не ўдаецца ўсталяваць нават прыкладна колькасць вайскоўцаў, зніклых без вестак.

Nashaniva.com