Расіяне прасунуліся пад Бахмутам, але не могуць наступаць у іншых кірунках — брытанская разведка

Брытанская разведка ў сваёй справаздачы піша пра абстаноўку ў раёне Бахмута.

17.03.2023 / 12:14

Бахмут. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Разведка адзначае, што апошнімі днямі расійскія вайскоўцы і найміты ПВК «Вагнер» змаглі замацавацца на заходнім беразе ракі Бахмуткі, якая праходзіць праз цэнтр горада. Пры гэтым у папярэдні тыдзень рака фактычна пазначала лінію фронту. Узброеныя сілы Украіны працягваюць абараняць заходнюю частку горада.

Аднак агулам па ўсёй лініі фронту Расія наступае самымі нізкімі тэмпамі, якія назіраліся, прынамсі, са студзеня 2023 года. Магчыма, расійскія войскі часова знясілілі баявыя магчымасці сваіх падраздзяленняў настолькі, што іх не хапае нават на невялікія наступальныя аперацыі.

Расійскае камандаванне, верагодна, будзе імкнуцца аднавіць наступальны патэнцыял пасля таго, як адбудзецца папаўненне асабістага саставу і боепрыпасаў. Пакуль жа камандзіры, магчыма, будуць вымушаныя выбіраць паміж правядзеннем наступальных аперацый і забеспячэннем надзейнай абароны ўздоўж лініі фронту.

Чытайце таксама:

Камандуючы Сухапутных войскаў Украіны расказаў пра сітуацыю ў Бахмуце

Nashaniva.com