​Ціханоўская: Рэжыму патрэбныя не людзі, а пакорлівыя падаткаплацельшчыкі

Дэмакратычны лідар Беларусі пракаментавала затрыманні сярод псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў, масавыя зачысткі ў Беларусі, а таксама працу камісіі «па вяртанні на Радзіму».

16.03.2023 / 15:46

«Па ўсёй Беларусі масава затрымліваюць псіхатэрапеўтаў. У Гомелі сілавікі прыйшлі мінімум да 30 беларусаў за падпіскі на «няправільныя» каналы. А яшчэ беларусаў працягваюць затрымліваць проста на мяжы.

На фоне гэтых рэпрэсій, якія не толькі не змяншаюцца, але яшчэ і растуць, працягвае сваю працу так званая «камісія па вяртанні». Зараз да сваякоў беларусаў, якія пераехалі ў іншыя краіны дзеля ўласнай бяспекі, сталі прыходзіць прадстаўнікі рэжыму і ўгаворваць людзей паўплываць на сваіх родных і папрасіць іх вярнуцца дадому», — зазначае Святлана Ціханоўская.

«Але рэжыму не патрэбныя людзі. Яму патрэбныя падаткаплацельшчыкі, якія будуць пакорліва ўтрымліваць чыноўнікаў, сілавікоў і ўвесь вялізны рэпрэсіўны апарат, — упэўненая дэмакратычны лідар Беларусі. — А самі людзі — з іх думкамі, марамі, прапановамі, спробамі палепшыць жыццё ў краіне — не, не патрэбныя.

Ціханоўская заклікае не верыць прапагандзе, якая заклікае вярнуцца. «Размаўляйце з роднымі і блізкімі, расказвайце ім праўду. А дадому мы ўсе абавязкова вернемся, але толькі тады, калі спыняцца рэпрэсіі і запануе сапраўдны, справядлівы закон», — рэзюмуе яна.

Чытайце таксама:

Затрыманні псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў: што вядома

У Гомелі за апошнія дні «адпрацавалі» 30 асобаў, «датычных да экстрэмісцкіх фармаванняў». Затрыманых катуюць умовамі ў СІЗА

Nashaniva.com