ЗША зрабілі захады, каб збіты беспілотнік не трапіў у чужыя рукі

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі заявіў у эфіры тэлекампаніі Сі-эн-эн, што ЗША «зрабілі захады», каб беспілотны апарат MQ-9 Reaper, які ўпаў у аўторак у Чорнае мора, не трапіў у чужыя рукі.

15.03.2023 / 08:38

«Мы, зразумела, не хочам, каб хтосьці акрамя нас да яго дабраўся», — сказаў Кірбі.

Раней прадстаўнік Пентагона генерал Патрык Райдэр заявіў, што беспілотнік, які пацярпеў крушэнне, не апынуўся ў руках расійскіх вайскоўцаў.

Раней у расійскіх праваенных тэлеграм-каналах з'явіўся аўдыёзапіс, на якім чуваць, як нейкія людзі вядуць перамовы на расійскай мове аб узняцці са дна некаторых абломкаў дрона. У прыватнасці, сцвярджаецца, што ўдалося падняць «кажух рухавіка ўнутранага згарання». Гэтыя звесткі не пацверджаныя афіцыйна.

Улады ЗША абяцалі апублікаваць кадры з інцыдэнтам, аднак пакуль незразумела, ці ідзе гаворка пра фотаздымкі, альбо відэазапісы.

ЗША заявілі, што іх разведвальны беспілотнік MQ-9 Reaper сутыкнуўся з расійскім знішчальнікам Су-27 у небе над нейтральнай часткай Чорнага мора і затым упаў у ваду. У расійскім Мінабароны адмаўляюць факт сутыкнення і сцвярджаюць, што дрон ляцеў з выключанымі транспондарамі ў бок анексаванага Крыма.

Чытайце таксама: 

Над Чорным морам расіяне збілі амерыканскі дрон

Nashaniva.com