Беларусь павялічыла закупкі зброі на 55% за апошнія пяць гадоў

У 2018—2022 гадах у параўнанні з папярэднімі пяццю гадамі імпарт узбраенняў у Беларусь вырас на 55%, а доля краіны ў сусветным імпарце павялічылася з 0,3 да 0,6%, вынікае з даклада аб стане сусветнага рынку зброі ад 13 сакавіка, піша DW.

13.03.2023 / 15:49

Фота: Мінабароны Рэспублікі Беларусь

Амаль 100% зброі ў Беларусь пастаўляецца з Расіі, толькі 0,1% з Кітая.

Пры гэтым доля Беларусі ў сусветным экспарце ўзбраенняў за пяць гадоў скарацілася з 0,5 да 0,3%.

Асноўнымі пакупнікамі ўзбраенняў з Беларусі ў дакладзе называюцца Сербія (33%), Вʼетнам (25%) і Уганда (14%).

Доля ЗША ў сусветным экспарце ўзбраенняў павялічылася з 33 да 40%, а Расіі — скарацілася з 22 да 16%. Эксперты звязалі гэта з тым, што больш зброі ідзе ў расійскае войска.

Украіна ў 2022 годзе выйшла толькі на трэцяе месца ў свеце па абʼёме імпарту ўзбраенняў пасля Катара і Індыі. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі Кіева сталі ЗША (34%), Польшча (17%) і Германія (11%).

Nashaniva.com