«Ён прымусіў мяне гаварыць з людзьмі». Брытанка распавяла, як валачашчы сабака з Мінска стаў яе сябрам і выратаваў ад дэпрэсіі

29-гадовая Элеанора Боўнэс (Eleanor Bowness) з мястэчка Кінгстан-он-Соар і яе дварняк Бэла Роўз дайшлі да паўфіналу найбуйнейшага сусветнага сабачага шоу Crufts. Брытанскае выданне Ealing Times расказала гісторыю былой настаўніцы, якая лечыцца ад дэпрэсіі дзякуючы выратаванаму сабаку з Беларусі, заўважыў reform.by.

13.03.2023 / 11:38

 Фота: The Kennel Club / Beat Media

«Я была на мяжы самагубства, калі мы знайшлі яго, і ён, без сумневу, выратаваў мне жыццё. Мяне б тут не было без яго», — распавядае Элеанора.

Двухгадовы бяздомны сабака знайшоўся праз выратавальны цэнтр PawHelpUK, і гэта было «каханне з першага погляду». Арганізацыя займаецца выратаваннем сабак з Беларусі і Украіны.

«Яна прыехала з вуліц Менска ў Беларусі, і па яе паводзінах мы можам сказаць, што ў яе быў вельмі цяжкі пачатак жыцця», — распавядае былая настаўніца. Паводле яе слоў, ранейшыя гаспадары жорстка абыходзіліся з жывёлай.

«Я ўсё яшчэ змагаюся, працую пакрысе. Раней я была настаўнікам прыродазнаўчых навук у сярэдняй школе, але з таго часу, як у мяне зʼявілася Бэла, я цалкам пагрузілася ў сабачы свет. Я пакінула гэтую пасаду і цяпер працую няпоўны працоўны дзень дрэсіроўшчыкам сабак, і я спадзяюся стаць майстрам у галіне паводзінаў жывёл», — кажа брытанка.

Поспех дуэта на найбуйнейшай у свеце выставе сабак дэманструе пераўтваральны ўплыў хатніх жывёл, робіць выснову выданне.

«Я ніколі не была чалавекам, які размаўляў з незнаёмцамі, але так шмат людзей цікавіліся ёю, што яна прымусіла мяне гаварыць з людзьмі», — дзеліцца ўражаннямі ўдзелу ў конкурсе Scruffts для беспародных сабак Элеанора.

Выстава Crufts-2023 праходзіла з 9 па 12 сакавіка ў Нацыянальным выставачным цэнтры Бірмінгема.

Nashaniva.com