Колькі пунктаў правілаў дарожнага руху парушае кіроўца «сарматмабіля» з ракетай на даху

Учора на вуліцах Гомеля з'явіўся аўтамабіль на расійскіх нумарах са шматлікімі налепкамі на кузаве і шыбах. На дах аўтамабіля кіроўца прычапіў вялізарны макет ракеты, мігалку жоўтага колеру і сцяг СССР. Як на такі аўтамабіль адрэгавала мясцовае ДАІ? І колькі пунктаў ПДР парушае кіроўца «сарматмабіля»?

09.03.2023 / 20:50

Фота: тэлеграм-канал «Флагшток — Гомельшчына»

Журналіст выдання «Флагшток» патэлефанаваў ва ўпраўленне ДАІ Гомельскай вобласці, каб даведацца, ці маюцца парушэнні беларускага заканадаўства з боку кіроўцы расійскага аўтамабіля-ракеты. 

У адказ ён пачуў, што супрацоўнікі ДАІ ўжо правяралі гэты аўтамабіль і не знайшлі ніякіх парушэнняў па лініі ПДР. 

«Там габарыты ў яго, усё гэта ёсць, страхоўка нармальная», — паведаміў журанлісту па тэлефоне дзяжурны ва ўпраўленні ДАІ Гомельскай вобласці. 

Як паведамляе выданне — на заканчэнне міліцыянер заявіў: «У чалавека нейкая рэклама, мы з боку ДАІ нейкай агрэсіі не бачым». 

Але ці сапраўды аўтамабіль актывіста пракрамлёўскай ультраправай арганізацыі «НОД» не парушае закон? Зазірнем у ПДД.

Налепкі на кузаве

У адпаведнасці з п. 194.13 ПДР забаронены ўдзел у дарожным руху транспартных сродкаў з вонкава бачнымі налепкамі (выявамі), акрамя тых, якія размяшчаюцца ва ўстаноўленым парадку апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, прадугледжаных у дадатку 5 да ПДР, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку да арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка). 

Натуральна, што ў пятым дадатку да ПДР вы не знойдзеце налепак, якія можна ўбачыць на «сармат-мабіле». Тым не менш, зыходзячы з адказу дзяжурнага журналісту — вынікае, што ДАІшнікі вырашылі, што гэта рэклама, а размяшчэнне рэкламы на аўто не забаронена.

Але нават калі налепкі (у тым ліку партрэты Лукашэнкі) з'яўляюцца рэкламай, гэта не адмяняе таго, што нават такая «рэклама» размешчаная з парушэннямі. Бо як мінімум рэклама не павінна знаходзіцца на шыбах і абмяжоўваць кіроўцу агляд.

Цікава, што за кіраванне аўто з налепкамі герба «Пагоня» і БЧБ-сцяга беларуская ДАІ рэгулярна штрафавала беларусаў. Частку толькі па лініі ПДР, а частцы нават давалі суткі нібыта за «пікетаванне». 

Фота: «Флагшток»

Таніроўка

Далей — болей. У адпаведнасці з п. 37 главы 7 дадатку 4 да ПДР ўдзел аўтамабіля ў дарожным руху забаронены, калі на шкле або ў аконных праёмах транспартнага сродку ўстаноўлены не прадугледжаныя яго канструкцыяй дадатковыя прадметы або нанесеныя пакрыцця. У выпадку з «сармат-мабілем» мы бачым, што апроч налепак і партрэтаў Лукашэнкі, на шыбах Лады можна ўбачыць даволі цёмную таніроўку, нанясенне якой згодна з беларускімі ПДР — забаронена. Правіламі дарожнага руху забаронены яго ўдзел у дарожным руху. Краіна рэгістрацыі аўто пры гэтым не мае значэння.

Перавозка груза

ПДР не забараняе перавозку грузаў, у тым ліку і на даху аўтамабіля, але габарыты «груза» у выглядзе вялізарнага макета ракеты таксама выклікаюць пытанні. Бо нават нягледзячы на тое, што ён па ўсёй бачнасці не выступае больш, чым на 1 метр за габарыты транспартнага сродку, гэта не адмяняем пункт 184.3 главы 24, які забараняе перавозку груза, які абцяжарвае кіраванне транспартным сродкам, парушае яго ўстойлівасць. І тут не трэба быць вучоным, каб зразумець, што такі абёмісты «груз» не можа не ўплываць на устойлівасць аўтамабіля. Але беларускае ДАІ так не лічыць.

Нагадем, вясной мінулага года беларускія ДАІшнікі не бачылі парушэнняў заканадаўства нават калі расійскія вайскоўцы масава ездзілі па Беларусі на скрадзеных ва Украіне аўто.

Nashaniva.com