Усе свае на чале з нявесткай Лукашэнкі. У Беларусі назвалі лепшую песню 2022 года

Найлепшай песняй 2022 года Беларусі журы прызначыла песню Валерыя Шмата і Ганны Сялюк «За намі праўда», паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства культуры.

09.03.2023 / 09:04

Арганізатарам фіналу рэспубліканскага конкурсу «Песня года Беларусі» сталі Міністэрства культуры і тэлеканал АНТ.

У намінацыі «Выканаўца года» перамогу атрымала Вікторыя Алешка, у намінацыі «Найлепшы радыёвыканаўца» — Іван Зданюк. «Адкрыццём года» стаў Мікіта Бялько. Лепшай групай года прызнана «Аура», лепшым дуэтам — ТЭА і Вольга Рыжыкава.

Лепшым аўтарам музыкі стаў Валерый Шмат, лепшым аўтарам слоў — Ганна Селук (гэта творчы псеўданім Ганны Сяргееўны Лукашэнка — нявесткі Аляксандра Лукашэнкі). 

Спецыяльную ўзнагароду «За ўклад у развіццё эстраднай папулярнай музыкі» ўлады далі Васілю Раінчыку. Таксама былі ўручаны спецыяльныя ўзнагароды тэлеканала АНТ: «За вернасць беларускай эстрадзе» — Руслану Аляхно і «За ўклад у развіццё музычнай індустрыі» — Алегу Шаўмараву. 

Спецыяльную ўзнагароду Міністэрства культуры «За выдатныя дасягненні ў галіне беларускай папулярнай музыкі» далі Яўгену Алейніку.

Nashaniva.com