Следчыя знайшлі лодку, на якой перавозілі выбухоўку для дыверсіі на «Паўночным патоку». Разведка ЗША лічыць, што за ёй можа стаяць «праўкраінская група»

Пра меркаванне амерыканскай разведкі паведаміла газета The New York Times са спасылкай на крыніцы. У амерыканцаў няма доказаў датычнасці да выбухаў найвышэйшага кіраўніцтва Украіны. 

08.03.2023 / 09:03

Па версіі разведкі, у групу ўваходзілі сапернікі Уладзіміра Пуціна, якія мелі грамадзянства РФ ці Украіны. Грамадзяне ЗША і Вялікабрытаніі, паводле звестак разведкі, у гэтым не ўдзельнічалі, піша газета. Імёны ўдзельнікаў гурта невядомыя.

NYT адзначае, што выбухоўку на трубаправоды маглі закласці дасведчаныя вадалазы, якія ў мінулым маглі «праходзіць спецыялізаваную падрыхтоўку ў дзяржаўных структурах».

Ананімныя афіцыйныя асобы ЗША адзначылі, што не знайшлі ніякіх доказаў, што да дыверсій датычны расійскі бок. 

Пра тое, што «сляды вядуць ва Украіну», таксама заявілі крыніцы нямецкіх медыя — газеты Die Zeit і тэлеканалаў ARD і SWR. Яшчэ восенню 2022 года, неўзабаве пасля выбухаў на газаправодах, як піша Die Zeit, «адна з заходніх спецслужбаў» паведаміла еўрапейскім партнёрам, што да дыверсіі можа мець дачыненне ўкраінскі спецназ. 

Расследавальнікі ўстанавілі лодку, якое выкарыстоўвалі для дыверсіі. Лодку арандавала кампанія з Польшчы, якая належыць двум украінцам. Следчыя ўстанавілі, што лодка выйшла ў мора з горада Расток у Германіі 6 верасня 2022 года, а пасля яе заўважылі на дацкім востраве Крысціянсе, які знаходзіцца ў раёне, дзе адбыліся выбухі. Следчыя знайшлі ў каюце сляды выбухоўкі.

Па даных следства, у дыверсіі ўдзельнічалі шэсць чалавек: пяцёра мужчын і адна жанчына. У групу ўваходзілі капітан, два вадалазы, два памочнікі і ўрач. Die Zeit піша, што нацыянальнасць удзельнікаў незразумелая, бо яны выкарыстоўвалі падробленыя дакументы, напрыклад, для арэнды лодкі.

Хто стаіць за дыверсіяй, незразумела. У спецслужбах Захаду лічаць, што следства маглі пусціць па лжывым следзе з дапамогай доказаў, якія паказваюць на Украіну як на выканаўцу, але ніякіх доказаў, якія пацвярджаюць гэта, няма.

У офісе прэзідэнта Украіны адмаўляюць датычнасць да дыверсій.

Nashaniva.com