Дзярждэп ЗША: Расія хоча захапіць Бахмут, каб паказаць хаця б нейкія дасягненні на полі бою

Горад Бахмут не з'яўляецца стратэгічна важным для Расіі, аднак спробы захапіць яго — гэта адзіная магчымасць прадэманстраваць хоць нейкія вынікі на полі бою. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Нэд Прайс.

07.03.2023 / 08:41

Па словах Прайса, Бахмут, дзе цяпер ідуць разлютаваныя баі, не мае для расіянаў вялікага стратэгічнага значэння ў плане аператыўнай абстаноўкі.

Расійскія сілы імкнуцца захапіць горад, бо не маюць іншых варыянтаў, каб дасягнуць хоць нейкіх дасягненняў на полі бою, падкрэсліў ён.

Прадстаўнік Дзярждэпа таксама заявіў, што вайна супраць Украіны скончыцца для РФ стратэгічнай паразай.

«З першых гадзін ўварвання РФ ва Украіну было дакладна зразумела, што калі б гэта ні скончылася, гэта завершыцца стратэгічным правалам Расіі», — сказаў Прайс.

Nashaniva.com