СМІ: Былы кіраўнік СБУ і сябар дзяцінства Зяленскага знаходзіцца пад следствам за правалы ў працы ведамства

Украінскія СМІ 6 сакавіка напісалі пра тое, што былы кіраўнік Службы бяспекі Украіны, сябар дзяцінства Уладзіміра Зяленскага і ягоны колішні партнёр па студыі «Квартал-95» Іван Баканаў фігуруе ў крымінальнай вытворчасці Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны па справе акупацыі часткі краіны ў першы перыяд вайны з Расіяй год таму. Пра гэта выданню NV расказаў высокапастаўлены прадстаўнік Офіса прэзідэнта Украіны.

06.03.2023 / 23:56

Іван Баканаў. Фота: СБУ

Іван Баканаў быў звольнены ў ліпені мінулага года з пасады кіраўніка СБУ, а цяпер знаходзіцца пад следствам. Яго абвінавачваюць у правале працы СБУ ў перадваенны перыяд і на пачатковым этапе поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Гаворка ідзе пра з'яўленне ў ключавой сілавой структуры краіны расійскіх агентаў, у прыватнасці падазраванага ў дзяржздрадзе Алега Кулініча, экс-начальніка аднаго з упраўленняў спецслужбы.

«Вайна агаліла ўсё, што адбываецца ў СБУ. І ў АП жахнуліся ад таго, як кіраваў Баканаў. Па многіх напрамках — поўны правал», — патлумачыла крыніца, адмовіўшыся, аднак, раскрыць хоць нейкія дэталі следства.

Nashaniva.com