Міністр энергертыкі расказаў, калі запрацуе другі энергаблок Астравецкай АЭС

Другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўвядуць у прамысловую эксплуатацыю ў кастрычніку 2023 года. 

06.03.2023 / 11:37

У красавіку запланавана першае пробнае ўключэнне ў сетку другога энергаблока. Пры гэтым магутнасць рэактарнай устаноўкі будзе паднятая да 40%. «У красавіку-верасні будуць паслядоўна ажыццяўляцца работы па асваенні магутнасці рэактарнай устаноўкі да намінальнай з правядзеннем выпрабаванняў у рамках доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гатоўнасць да здачы АЭС у цэлым у адпаведнасці з праграмамі ўводу ў эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года», — распавёў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на нарадзе ў Лукашэнкі па пытаннях беларускай АЭС, піша БелТА.

Першы энергаблок быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года. У 2022 годзе ён прайшоў першы планава-папераджальны рамонт і ў цяперашні час, па словах міністра, працуе на намінальнай магутнасці.

«Агульная будаўнічая і тэхналагічная гатоўнасць другога энергаблока складае каля 98%. Вядуцца падрыхтоўчыя працы на завяршальнай стадыі для запуску ланцуговай рэакцыі і вываду рэактарнай устаноўкі на мінімальна кантраляваны ўзровень — гэта 1% магутнасці рэактара», — адзначыў кіраўнік Мінэнерга.

Nashaniva.com