Прапагандыст Уладзімір Салаўёў заявіў, што трапіў пад абстрэл пад Вуглядарам

Расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў пацвердзіў, што трапіў пад артылерыйскі абстрэл падчас наведвання размяшчэння 155-й брыгады марской пяхоты УС РФ пад Вуглядарам у Данецкай вобласці. Пра гэта ён расказаў у нядзелю, 5 сакавіка, у эфіры праграмы «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым» на тэлеканале «Расія-1».

05.03.2023 / 21:30

Уладзімір Салаўёў

Прапагандыст паведаміў, што ўкраінская артылерыя адкрыла інтэнсіўны агонь па населеным пункце, дзе якраз праходзіла яго сустрэча з расійскімі вайскоўцамі.

«Але нічога, усё абышлося. Думаю, ваенная контрразведка разбярэцца, адкуль вораг даведаўся аб нашых перамяшчэннях», — сказаў ён.

Уладзімір Салаўёў разам са здымачнай групай паехаў пад Вуглядар, каб падтрымаць вайскоўцаў пасля з'яўлення інфармацыі пра вялізныя страты марпехаў 155-й брыгады і падняць іх баявы дух. Аднак калі Салаўёў прыехаў на месца размяшчэння марпехаў, па населеным пункце ўдарыла артылерыя ВСУ.

Nashaniva.com