Пасля дыверсіі ў Мачулішчах па ўсёй краіне адбываюцца аблавы і ператрусы

Пра гэта «Нашай Ніве» паведамляюць людзі з розных мясцовасцей.

05.03.2023 / 16:04

Сілавікі прыходзяць з вобшукамі да розных людзей пры падазрэнні на датычнасць да атакі на расійскі самалёт-разведчык А-50 на аэрадроме Мачулішчы 26 лютага.

«Здаецца, дзейнічаюць метадам «пальцам у неба». Ходзяць да тых, у каго ёсць дроны, легкаматорнікі, ходзяць па людзях, якія жывуць вакол Мачулішчаў», — напісаў нам чалавек з Беларусі.

Вядома таксама, што ўсіх, хто выязджае з Беларусі за мяжу, узмоцнена правяраюць і нават дапытваюць. Тое самае адбываецца ў тым ліку на мяжы Беларусі і Расіі

Калі вы ведаеце больш і ваша інфармацыя можа дапамагчы іншым людзям зберагчы свабоду, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me. Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Нагадаем, што ініцыятыва сілавікоў супраць дыктатуры BYPOL 26 лютага паведаміла, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам раніцай таго ж дня прагучалі два выбухі, якімі быў пашкоджаны расійскі самалёта далёкай радыёлакацыйнай разведкі А-50.

BYPOL паведаміў, што дыверсію ажыццявілі ўдзельнікі плана «Перамога» і што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Пазней з'явіліся відэа, як беспілотнікі падпольшчыкаў падлятаюць і сядаюць на кабіну і радар самалёта.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў заявіў, што самым складаным было падрыхтаваць эвакуацыю людзей, якія ў гэтым удзельнічалі. Азараў не стаў раскрываць падрабязнасці аперацыі. 

Беларускія афіцыйныя СМІ і праўладныя блогеры чатыры дні ніяк чынам не каментавалі таго, што здарылася ў Мачулішчах.

«Не выключаю, што могуць затрымліваць актывістаў і прыпісваць ім удзел у плане «Перамога», — дапускаў Азараў.

Існуе таксама версія, што за дыверсіяй маглі стаяць не беларускія партызаны, а ўкраінскія спецслужбы.

«Кожны агучвае версію, якая яму выгадная. Каб мы не ведалі дакладна, што гэта беларускія партызаны, то нічога б не казалі. Лукашысты кажуць, што намі кіруюць спецслужбы замежных дзяржаў, гэта няпраўда. Беларускія партызаны працуюць самастойна. Няхай лукашысты чакаюць працягу», — казаў кіраўнік BYPOL.

Расійскі самалёт далёкай разведкі ДРЛВ А-50 каштуе больш за 330 мільёнаў даляра. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

BYPOL сцвярджаў, што самалёт больш не ўзляціць. У сваю чаргу, лукашэнкаўцы пазней сталі сцвярджаць, што з самалётам абсалютна нічога не здарылася. Самалёт, аднак, 2 сакавіка ўзляцеў і пераляцеў на рамонт у расійскі Таганрог, што можа азначаць, што пашкоджанні не маглі быць парамантаваныя на месцы, аднак былі не настолькі сур'ёзныя, каб машына не магла лятаць. 

Чытайце таксама:

«Усё значна горш». Расійскія Z-каналы ў ярасці ад відэа з дронам у Мачулішчах

Чым Лукашэнка можа адказаць на дыверсію ў Мачулішчах?

У розных раёнах краіны з раніцы стаяць пасты ДАІ, правяраюць машыны

Nashaniva.com