«Учора да нас прыбыў». На заводзе ў Таганрогу пацвердзілі журналістам: самалёт А-50 з Мачулішчаў у іх

Учора «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расійскі самалёт А-50, верагодна, паляцеў на рамонт на завод у Таганрог. Афіцыйнага пацверджання гэтаму не было. Пад выглядам супрацоўніка беларускага аэрадрома ў Мачулішчах, дзе базаваўся А-50, журналістка «Люстэрка» патэлефанавала на Таганрогскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Г.М. Берыева.

03.03.2023 / 19:14

Скрын відэа

У яго склад уваходзіць 325-ы Авіяцыйны рамонтны завод, які займаецца аднаўленнем падобнай тэхнікі. У прыёмнай адзначылі, што самалёт з бартавым нумарам 43 сапраўды паступіў да іх.

— Я вам тэлефаную з нагоды рамонту самалёта А-50, які з Беларусі да вас паступіў. Маё начальства сказала ў вас ўдакладніць падрабязнасці…

— А-50? 43-й борт вы маеце на ўвазе?

— Так-так.

— Я вам дам тэлефон, звяжацеся па ім. Гэта дырэктар дырэкцыі гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання.

— Проста мне даюць гэтыя нумары, мне хаця б трэба даведацца, колькі самалёт на рамонце будзе…

— Гэта дакладна да яго. Гэты самалёт у яго ведама паступіў.

— Гэта дакладна той самалёт, з Беларусі?

— Так-так, той, які ўчора да нас прыбыў.

У прыёмнай журналістцы далі некалькі нумароў, аднак ні па адным з іх нам не адказалі. Удакладніць якія-небудзь іншыя падрабязнасці пра самалёт у прыёмнай не змаглі.

Nashaniva.com